І стане сяло гарадком

Сельское хозяйство

Крывое Сяло стала завяршаючым населеным пунктам нашага раёна, у якім згодна з маштабным праектам Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла ідуць работы па пераўтварэнню вёскі ў аграгарадок. Было многа праблем і ў сацыяльнай сферы, і ў вытворчасці. Таму тут чакалі перамен з вялікай надзеяй.
Змяненні бачны адразу. Па-першае, вёска нібы адкрылася сонцу і свету, пазбавіўшыся ад кустоўя і старых дрэў. На месцах былых пустак падняліся прыгожыя дамы. Новы асфальт з’явіўся на галоўных вуліцах вёскі.
Расказвае старшыня Каўлякоўскага сельвыканкама Таццяна Анатольеўна Дзятлава: “Работы паступова разгортваюцца. Бадай, самыя актыўныя дарожнікі – завяршаюць асфальтаванне вуліц, перанеслі ў цэнтр вёскі аўтобусны прыпынак, устанавілі новы павільён. На чарзе  – вытворчая сфера. Пачаліся работы ў клубе – поўнасцю будзе мяняцца падлога, столь, дах. У будынку ўрачэбнай амбулаторыі заменены дах, пачаліся ўнутраныя работы. Там будзе размешчаны ФАП (у перспектыве – урачэбная амбулаторыя), аддзяленне сувязі, аддзяленне “Беларусбанка”, бібліятэка”.
Плануецца рамонт і ў будынку комплекснага прыёмнага пункта, на аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання.
Значныя змяненні чакаюць адукацыйныя ўстановы. Праўда, дэмаграфічная сітуацыя складваецца такім чынам, што будаваць тут сярэднюю школу няма сэнсу. У Крывым Сяле будзе створаны педагагічны комплекс “дзіцячы сад – пачатковая школа”. Для гэтага ўзвядуць  прыбудову да аднаго са школьных будынкаў і правядуць яго агульную рэканструкцыю. Сярэднюю адукацыю вучні будуць атрымліваць у Навікоўскай СШ, дзе таксама пройдзе маштабны рамонт. Падвоз вучняў будзе арганізаваны школьным аўтобусам, расказаў начальнік аддзела адукацыі П. У. Спірыдонаў.
Аб планах развіцця вытворчасці паведаміў кіраўнік мясцовай гаспадаркі СВК «калгас Прыдзвінскі» У. І. Дзятлаў. “Вядзём работы па агароджванню ферм, на кожнай з’явяцца асфальтаваныя пад’езды, пляцоўкі для захоўвання кармоў – патлумачыў Уладзімір Іванавіч. — Таксама асфальт будзе  на тэрыторыі майстэрні, зернетоку, усе аб’екты будуць уладкаваны. Плануем зрабіць рамонт і адміністрацыйнага будынка”. Дзякуючы Дзяржаўнай праграме гаспадарка штогод атрымлівае новую тэхніку.
Новае аблічча набываюць сельскія населеныя пункты раёна. Паляпшаецца якасць жыцця людзей, ствараюцца ўмовы для больш эфектыўнай працы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *