Мець пры сабе дзяцей строга забараняецца

Общество

Мець пры сабе дзяцей строга забараняецца
Добрых людзей многа, іх намнога больш, чым нейкіх там кепскіх і злых. Ва ўсялякім разе, так я заўжды думала, так мне хочацца думаць. Праўда, па жыцці і сапраўды шанцуе на людзей спагадлівых, цікавых, абавязкова ў нечым асаблівых (асобны дзякуй за гэта прафесіі). Справа яшчэ і ў тым, што харошага чалавека  так адразу і не заўважыш, а вось хама ці брыдкаслова – яго заўжды многа, ён з лёгкасцю запаўняе ўсю прастору, дзе знаходзіцца.
Я пра што? Пра тое, што хочацца жыць, зыходзячы з пасылу, што мы, людзі, калі і не браты адзін аднаму, то хаця б і не ваўкі. Да гэтых досыць пафасных разважанняў падштурхнуў на першы погляд нявінны артыкул у адным папулярным выданні. Аўтар пісала пра тое, што Мінск не прыстасаваны для мам з каляскамі, пра тое, якія нязручнасці прыходзіцца цярпець апошнім, выходзячы ў горад. Здавалася б, нічога асаблівага. Усе пра гэта ведаюць і абсалютна спакойна працягваюць з гэтым жыць. Таму ніякага рэзанансу ў грамадстве гэты артыкул выклікаць не павінны быў.
Якім жа было маё здзіўленне, калі я зачапілася за каментарыі да напісанага. Аказалася, чытачоў зусім не абурае той факт, што ў бацькоў з каляскамі сапраўды няма  ніякай магчымасці выйсці ў горад, праехаць у метро, схадзіць, да прыкладу, у цырульню. Яны выступаюць наогул супраць таго, каб мамы з дзеткамі пакідалі тэрыторыю пясочніцы. Пішуць, што не выносяць дзяцей, якія плачуць, бегаюць, заўжды перашкаджаюць, робяць іх гарадское жыццё некамфортным. Абсалютна сур’ёзна заяўляюць, што мамачкам у дэкрэтным у горадзе рабіць няма чаго. Маўляў, нарадзілі – сядзіце дома. А як жа паліклініка – падае нехта нясмелы голас. На таксі – грамадскі транспарт не для вашых крыклівых невыносных істот. І я ніколькі не перабольшваю. Склалася ўражанне, што ў нашым грамадстве, якое з лёгкасцю трывае зарваўшыхся  хамаў, п’яных дэбашыраў, звычайных нахабнікаў, дзяцей проста ненавідзяць. Людзі ўсур’ёз заяўлялі пра нейкія там свае правы, якія не павінны парушаць дзеці, што выпадкам могуць аказацца з імі ў адным магазіне.
А я, наіўная, думала, што малое дзіцё, нават саплівае і крыклівае, абавязкова, па законах прыроды, выклікае ў дарослага чалавека пачуццё замілавання і толькі. Крыўдна за ўсіх мам. І паскардзіцца ж няма на каго. Гэта мы з вамі (каментарыі ананімныя, а таму можна сапраўды шчыра выказвацца) становімся жорсткімі, нецярпімымі, быццам страчваем магчымасць бачыць розніцу паміж пяском і валунамі, паміж святым і абыдзенным. Гэтак можна заблытацца ў пачуццях, у жыцці наогул.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №52 ад 11.07.2014 г.



1 комментарий по теме “Мець пры сабе дзяцей строга забараняецца

  1. А вы пробовали в банк с ребёнком зайти? Это вообще ужас. Не дай бог заплачет или побегать захочет, эти банкирши сразу же делают замечание. И в такой форме… Короче, приятного мало.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *