В Ловжанском сельсовете Шумилинского района подвели итоги подворного обхода

Общество Президент

Ад спецыялістаў патрэбна ініцыятыўнасць і адказнасць
У аўторак, 21 кастрычніка, падвядзеннем вынікаў падворнага абходу і прыёму грамадзян кіраўніцтвам раёна завяршыўся дзень работы з насельніцтвам у Лаўжанскім сельсавеце.
Старшыня райвыканкама У. П. Куранны адзначыў, што ён упэўнены: сацыяльныя і вытворчыя аб’екты, уключаныя ў план аб’езду, падрыхтаваны добра, таму прапанаваў наведаць аб’екты, дзе не рыхтаваліся да візіту. У якасці такога аб’екту быў абраны свінагадоўчы комплекс “Добрынскі”. Па дарозе да комплексу кіраўнік раёна звярнуў увагу на ўчасткі меліяраванай поймы ракі Будавесць. Тут першы прыпынак. “Чаму гэтыя ўчасткі не былі скарыстаны для выпасу жывёлы, калі на іх немагчыма весці нарыхтоўку кармоў?” – пытанне адрасавана кіраўніцтву УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” і ААТ “Лаўжанскае”.  У наступным годзе жывёла павінна пасвіцца на кожным кавалку травы, дзе немагчыма нарыхтоўваць кармы, а шматгадовыя травы, чыстыя лугі павінны ісці для сена і сенажу, запатрабаваў У. П. Куранны.
За некалькі соцень метраў ад комплексу ўдзельнікаў аб’езду сустрэў кіраўнік прадпрыемства І. М. Старавойтаў. Пад’ехаць бліжэй нельга, бо на комплексе ўведзены каранцін. Усе пад’язныя шляхі перакрыты, на дарозе ўладкавана дэзінфекцыйная падушка для аўтатранспарту. І. М. Старавойтаў расказаў пра мерапрыемствы супраць АЧС, якія праведзены на комплексе, пра падрыхтоўку вытворчых памяшканняў да пастаноўкі матачнага свінапагалоўя. Ён паведаміў, што вакол комплексу захоўваецца пяцікіламятровая ахоўная зона, у якой забаронена трымаць свіней на прыватных падворках, расказаў пра ўзмоцнены рэжым біялагічнай абароны.
Дарэчы, у сувязі з сітуацыяй у свінагадоўлі неабходна пашыраць магчымасці аграпрамысловага комплексу раёна, шукаць новыя напрамкі дзейнасці, заўважыў У. П. Куранны. Так, ААТ “Лаўжанскае” і ААТ “Празёрны мір” пачынаюць займацца авечкагадоўляй. Той жа “Прыазёрны мір” заняўся развядзеннем гусей.
У ходзе размовы ішла гаворка пра строгае выкананне тэхналагічнай і, наогул, працоўнай дысцыпліны, зноў і зноў ставілася пытанне штодзённага навядзення парадку на фермах, мехдварах і іншы вытворчых аб’ектах. Галоўнае патрабаванне да кіраўнікоў і спецыялістаў сельскай гаспадаркі, і не толькі, – гэта ініцыятыўнасць і адказнасць. Калі спецыяліст чакае, што нехта будзе плаціць яму высокія заробкі, а сам нічога не робіць для  развіцця гаспадаркі і павышэння эфектыўнасці вытворчасці, такія спецыялісты нам не патрэбныя, адзначыў кіраўнік раёна.
Падвядзенне вынікаў работы з насельніцтвам адбылося ў будынку Лаўжанскага сельскага Цэнтра культуры і вольнага часу ў аграгарадку Мікіціха. Былі прадэманстраваны відэафільмы па Сіроцінскім і Лаўжанскім сельсаветах. Як адзначалася ў выступленнях кіраўнікоў груп, якія праводзілі падворны абход па вёсках сельсавета, многія з пытанняў, пастаўленых жыхарамі, былі аператыўна вырашаны. На кантролі засталіся тыя пытанні, якія патрабуюць часу ці значных фінансавых выдаткаў, іх хуткае выкананне немагчыма.
Дарэчы, як заўважыў старшыня райвыканкама, падчас абходу трэба не толькі збіраць пытанні ад людзей, але і ставіць пытанні перад імі, асабліва па парадку на падворках і вакол іх. Калі на падворку парадак, трэба чалавека пахваліць, а калі парадку няма, то і да адказнасці прыцягнуць.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №82 ад 24.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *