Руководство ОАО «Ловжанское» держало отчёт перед руководством района на балансовой комиссии

Сельское хозяйство Экономика

Падвесці вынікі, вызначыць планы на будучае

Ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях раёна праходзяць балансавыя камісіі, на якіх трымаюць справаздачы кіраўнікі і галоўныя спецыялісты гаспадаркі – яны расказваюць аб мінулагодніх здабытках і планах на сёлетні год. На мінулым тыдні такая камісія прайшла ў ААТ “Лаўжанскае”, у яе рабоце прынялі ўдзел старшыня райвыканкама А. І. Снараў, начальнік райсельгасхарчу В. Ц. Мянькоў, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.
Па выніках работы гаспадаркі за мінулы год слова трымала галоўны эканаміст ААТ “Лаўжанскае” Н. А. Рыбчанка. Агучаныя лічбы  вытворчых паказчыкаў не радавалі. Цешыла толькі адно: рэалізацыя малака склала 2247 тон (на 4% больш, чым у 2014 годзе), на ўзроўні застаўся і валавы надой. Тым не менш, спецыялістаў райсельгасхарчу трывожыць сітуацыя па якасці малака: за 2015 год з “Лаўжанскага” ў Шумілінскі вытворчы цэх ААТ “Малако” здалі толькі 13,2% гатунку “экстра”. У той жа час “Прыдзвінскі” здаў такога малака 68,2%. Страты з-за нізкай якасці малака ў “Лаўжанскага” за мінулы год склалі 183 мільёны, з-за нізкай таварнасці – крыху больш як  чатырыста мільёнаў рублёў, падлічыла эканамічная служба.
Як працаваць так, каб выйсці ў перадавікі па колькасці і якасці малака? Заатэхнікі, брыгадзіры фермаў прапаноўвалі розныя падыходы да гэтай праблемы. А ўвогуле ўсе пытанні зводзіліся да добрага абслугоўвання даільных залаў на фермах Рашэтнікі і Цаўі, якія калісьці былі самымі перадавымі ў раёне, да якаснага кармлення і догляду. Першы намеснік начальніка райсельгасхарчу А. М. Пытко прапанаваў на ферме Мясаедава стварыць групу раздою: там і ўмовы прымальныя, і работнікі адказныя. А малако – гэта рэальныя грошы, з якіх гаспадарка можа не толькі жыць, але пры добрых надоях і мець нядрэнны прыбытак, адзначыў Аляксей Мікалаевіч.
Дырэктар райплемстанцыі А. А. Казьмін  звярнуў асаблівую ўвагу на  кантроль за асемяненнем кароў і цёлак. Каб не атрымалася так, як летась, што выхад цялят на сто кароў у “Лаўжанскім” склаў 54. Гэта вельмі мала. Спецыялісты райсельгасхарчу ўказалі на тое, што ў гаспадарцы несвоечасова выяўляюцца каровы ў ахвоце, ёсць праблемы з рэктальным даследаваннем – вызначэннем цельнасці. Кіраўнік раёна А. І. Снараў адзначыў, што больш вопытным калегам з раённых службаў трэба дапамагаць у гэтым накірунку маладым спецыялістам – ветурачу і заатэхніку.
Пра планы на веснавую сяўбу расказаў дырэктар гаспадаркі А. А. Кавальчык. Акрамя пшаніцы, аўсу і зернебабовых, у гаспадарцы мяркуюць  засеяць 1239 га аднагадовых траў, якія пойдуць на вытворчасць кармоў. Спецыялісты гаспадаркі настроены на сур’ёзную работу: нарыхтаваць кармоў столькі, каб і самім хапіла, і можна было прадаць лішкі.
Не за гарамі пасяўная, таму сённяшні клопат інжынернай службы і механізатараў ААТ “Лаўжанскае” – падрыхтоўка тэхнікі  да пасяўной.  Яе ў гаспадарцы хапае, але ж не ўся адрамантаваная. На запчасткі патрэбны грошы. Кіраўнік раёна парэкамендаваў гаспадарцы прадаць у райспажыўтаварыства пяцьдзясят тон пшаніцы. На выручаныя грошы можна будзе купіць патрэбныя запчасткі. Дарэчы, лемяшы заказваюць і на Обальскім керамічным заводзе – там робяць не горш, чым у Віцебску.
Кіраўнік раёна звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што на мехдвары ў ААТ “Лаўжанскае”, які знаходзіцца ля бойкай трасы, павінен быць ідэальны парадак. Інжынернай службе было ўказана ў тэрміновым парадку паставіць усю тэхніку на лінейку гатоўнасці.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №15 ад 23.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *