Кірмаш у Шуміліне ўдаўся!

Актуалии Общество Экономика

Бульба і капуста  – не будзе ў падвале пуста
На другім па ліку асеннім кірмашы ў Шуміліне, які прайшоў у мінулую суботу, было так жа шматлюдна, як і два тыдні таму, калі кірмаш на галоўнай плошчы горада ладзіўся ў першы раз. Зерне, гародніна, саджанцы, мёд і іншыя тавары разыходзіліся даволі жыва. І калі на першым кірмашы сёй-той яшчэ прыцэньваўся ды нешта меркаваў, то цяпер ужо бралі тавары з такім прыцэлам, каб зімой было за чым спусціцца ў падвал.
Капуста – на закваску, бульба – куды ж без яе, буракі з морквай – найлепшыя вітаміны для беларуса, і мёд – ад усіх хвароб. І саджанцы яшчэ карысталіся попытам, і кветкі. Установы адукацыі ды гаспадары сельсаветаў ужо, бадай, да 10 гадзін распрадалі ўсе свае запасы. Не дзіва, усім нам хочацца гародніны без мінеральных дабавак.
На кірмашы было весела і шумна – гэта ўжо клопат работнікаў культуры, весяліць народ якім дапамагалі і выхавальнікі дзіцячага сада №1, весяліліся і самі людзі. Нават дождж, які браўся некалькі разоў распужаць кірмашоўцаў, нікога не асадзіў. Людзі нават пад парасонамі не спяшаліся хавацца – бегалі ў пошуку неабходнага тавару, шукалі дзешавейшага, таргаваліся.
У розныя бакі ад плошчы разыходзіліся людзі з саджанцамі наперавес, з мехам, а то і двума,  бульбы ці капусты на веласіпеднай раме, з гумавымі ботамі пад пахай, ды шашлыком ці поліўкай у руках.
Кірмаш удаўся! Такое багатае і прыгожае “бывай” летнім клопатам.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №79 ад 10.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *