Трое школьников из Шумилинского района побывали на главной ёлке страны

Актуалии Новости

“Вы – галоўны здабытак Беларусі”
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 снежня прыняў удзел у навагоднім дабрачынным свяце для дзяцей у рамках акцыі «Нашы дзеці».
«Дарагія сябры, вы – галоўны здабытак нашай Беларусі. Гэта не проста прыгожыя словы, за гэтымі словамі – шчырая любоў, жаданне клапаціцца і абараняць, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Гэта натуральныя эмоцыі, якія выклікаюць нашы малышы і дзеткі старэйшыя».
Прэзідэнт прызнаўся, што прысутнічаць на дзіцячых навагодніх святах вялікі гонар і адказнасць. «Для мяне асабіста гэта хвалюючая місія: нішто ў жыцці не прыносіць такую радасць, як магчымасць падарыць дзецям казку, убачыць усмешку і радасць у вачах дзяцей. Для мяне як для Прэзідэнта гэта шчасце – у мільёнах дзяцей, якія жывуць у нашай краіне», – сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што для яго няма нічога важнейшага, чым мірнае і шчаслівае дзяцінства падрастаючага пакалення беларусаў…
Навагодняе дабрачыннае свята з удзелам кіраўніка дзяржавы стала галоўнай падзеяй акцыі «Нашы дзеці». На галоўную ёлку краіны запрасілі больш за 2,3 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх рэгіёнаў Беларусі. У іх лік увайшлі дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях, а таксама выхаванцы кадэцкіх вучылішчаў, дзеці з сем’яў бежанцаў, пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, юныя грамадскія актывісты. У Палацы Рэспублікі для іх падрыхтавалі маляўнічае казачнае музычна-сцэнічнае шоу ў выкананні лепшых творчых калектываў краіны, насычаную культурную праграму і падарункі ад імя Прэзідэнта.
Ад Шумілінскага раёна на галоўнай ёлцы краіны пабывалі Яўгенія Сопат са Слабадской школы, Ксенія Кавалеўская з Кардонскай школы і Багдан Ушал з СШ №1.
Мы папрасілі дзяцей падзяліцца сваімі ўражаннямі ад свята ў Палацы Рэспублікі.
Ксенія Кавалеўская: “І цёплы прыём, падарункі, і навагодняе мерапрыемства – усё было здорава.
А яшчэ мяне ўразіла выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Ён звяртаўся да дзяцей, як да дарослых. Казаў, што дзяржава дае нам магчымасць вучыцца, выбіраць жаданыя прафесіі. Прэзідэнт пажадаў нам здароўя, шчасця, дабрабыту і міру. Гэтыя словы былі вельмі шчырымі”.
Яўгенія Сопат: “Мы былі ў Мінску два дні. У першы вечар пабывалі на цыркавым прадстаўленні. На наступны дзень былі ў Палацы Рэспублікі, дзе было выдатнае навагодняе прадстаўленне. Усё прайшло проста здорава. Я пазнаёмілася з многімі сваімі равеснікамі і з Мінска, і з іншых гарадоў Беларусі. Мы абмяняліся тэлефонамі, будзем званіць адзін аднаму, трымаць сувязь “ВКонтакте”.
Багдан Ушал: “Мне вельмі спадабалася ў Палацы Рэспублікі вялікая ёлка. Было, як у сапраўднай казцы. А яшчэ падчас прадстаўлення разам з Дзедам Марозам мы ўбачылі шмат якіх герояў з мультфільмаў. Пасля мерапрыемства кожнаму ўручылі салодкі падарунак і спартыўную сумку, дзе быў штотыднёвік. Падарункі вельмі спадабаліся”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 1 ад 04.01.2019 г.