Они убили человека и пошли встречать Новый год

Происшествия

Святкаванне з нябожчыкам
1 студзеня ў праваахоўныя органы патэлефанавалі жыхары Таўкачова-2 і паведамілі пра тое, што ў іх вёсцы зарэзалі мужчыну. “Адразу выехала следчая група, – расказвае старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Людміла Карнавухава. – У адным з дамоў Талкачова-2 быў знойдзены мёртвым 55-гадовы мужчына з нажавым раненнем. Па гарачых слядах у суседняй вёсцы Пагіршчына па падазрэнні ў забойстве была арыштавана 58-гадовая жанчына”. Следчыя РАСК узбудзілі крымінальную справу па факце забойства.
Іван і Марыя, так назавем забітага і падазроную, жылі разам гадоў пятнаццаць. Самі з Наваполацка, апошнія сем год жылі ў Талкачова-2. Пра Івана не шмат інфармацыі: да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, інвалід 2-й групы. Затое пра Марыю … “У свой час жанчына была пазбаўлена бацькоўскіх правоў, – расказвае Людміла Карнавухава. – Як абавязаная асоба павінна была выплачваць  сродкі на ўтрыманне дзяцей. Але гэтага не рабіла. За што двойчы прыцягвалася да кры-мінальнай адказнасці. Можна сказаць, што толкам жанчына нідзе не працавала. Усе характарыстыкі,  дадзеныя ёй раней, сведчаць пра тое, што яна злоўжывае спіртным і вядзе асацыяльны лад жыцця”.
У гэтай гісторыі ёсць яшчэ адна дзеючая асоба – сын Марыі.   “На жаль, сын узяў усё самае горшае ад маці: не працуе, злоўжывае спіртным. У свае 34-гады пазбаўлены бацькоўскіх правоў, грошы на дзяцей амаль не выплачвае. Зараз рашаецца пытанне аб прыцягненні яго да крымінальнай адказнасці”, – адзначае следчы.
Гэта крымінальная гісторыя пачалася 29 снежня. Іван зранку з’ездзіў па справах у Наваполацк. Вярнуўся дадому, і з сужыцелькай і яе сынам разам адправіліся за пакупкамі ў Обаль.
У Обалі, акрамя прадуктаў, набылі 6 бутэлек віна. Калі вярталіся назад, у Пагіршчыне Іван зайшоў дапамагчы па гаспадарцы знаёмай. А маці з сынамі тым часам  выпілі пару бутэлек віна. Калі Іван прыйшоў дамоў, сужыцелька закаціла сцэну рэўнасці. Адных слоў ёй паказалася мала, яна схапіла са стала нож і нанесла мужчыну ўдар. Іван яшчэ змог дайсці да свайго ложка.    “Мужчына атрымаў смяртэльны ўдар нажом у вобласць лёгкага, – расказвае Людміла Карнавухава. – На першых допытах жанчына растлумачыла, што крыві было няшмат, таму і не звярнулі ўвагі”. Праз нейкі час да ляжачага Івана падышоў сын Марыі. “Проста ў галаве не ўкладваецца, – абураецца следчы. – Яны апрацавалі рану і пайшлі піць далей. Па словах  Марыі, хуткую дапамогу не выклікалі, бо баяліся, што арыштуюць, а як жа Новы год сустракаць?”
Зранку Марыя і сын зразумелі, што Іван памёр. Выпілі і пайшлі да знаёмай у Пагіршчыну святкаваць далей. У навагоднюю ноч жанчына і прызналася знаёмай, што зарэзала Івана. Чуткі хутка разляцеліся па вёсцы…
“Калі жанчыну затрымлівалі, яна была ў нецвярозым стане, – расказвае Людміла Карнавухава. – Яна пра Івана нават не ўспомніла. А вось сын, убачыўшы супрацоўнікаў праваахоўных органаў, паспеў збегчы”.  Расследаванне крымінальнай справы працягваецца, жанчына можа пазбавіцца волі да 15 год.
“Будзьце ўважлівыя адзін да аднаго, – звяртаецца да жыхароў раёна начальнік РАСК Юрый Трошчанка. – Калі вы бачыце, што вашы суседзі вядуць асацыяльны лад жыцця, злоў-жываюць алкаголем, дэбашыраць і ўчыняюць сямейныя скандалы – тэлефануйце ў праваахоўныя органы, можна гэта зрабіць і ананімна. Магчыма, ваш званок выратуе жыццё!”
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №3 ад 09.01.2019 г.