Две шумилинские организации – ПМС и ПМК-70 – объединятся в одну структуру

Актуалии Новости Экономика

Уладзімір Дзятлаў, Пётр Чарнічэнка, Рыгор Волкаў, Мікалай Барысаў і Аляксандр Галунцоў.

Працоўныя будні і заўтрашні дзень меліяратараў

Падводзячы вынікі работы за мінулы год, спецыялісты прадпрыемства меліярацыйных сістэм з гордасцю адзначаюць, што ўвялі ў эксплуатацыю аб’ект “Лаўжанскае-3 і Пушча”. Гэта значыць, што мясцовае сельгаспрадпрыемства “Лаўжанскае” зможа на 169 меліяраваных гектарах араць, сеяць зерневыя ці іншыя культуры. Летась работнікі ПМС ачысцілі ад заілення паўсотню кіламетраў каналаў, паклалі дрэнаж і прамылі яго 32 і 9 км адпаведна, абкасілі больш як 500 кіламетраў каналаў. Здаецца, ніхто не лайдачыў. Але ж зарабіць змаглі ўсяго 697 тысяч рублёў.  Гэта мала, адзначае начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Валянціна Пацэвіч. Прадпрыемства стала непрыбытковым, і ў канцы мінулага года адсюль звольнілася некалькі чалавек.
Сёння ПМС перажывае не лепшыя часы. Вось ужо трэці месяц абавязкі дырэктара тут выконвае былы прараб Валянціна Іванаўна Спірыдава. У настроі вопытнага спецыяліста, які аддаў меліярацыі амаль сорак гадоў, сёння нямнога аптымізму. “Так, прадпрыемства чакае рэарганізацыя, – кажа Валянціна Іванаўна. – Зразумела, людзям, якія ўсё жыццё прысвяцілі меліярацыі, крыўдна такое прызнаваць і ўсведамляць. Тым не менш рыхтуюцца ўсе неабходныя дакументы, наша прадпрыемства будзе далучана да ПМК-70.  На сённяшні дзень ПМС яшчэ самастойнае, мы жывём, працуем, будуем планы на бліжэйшае будучае, выязджаем на аб’екты. Але ўжо адчуваем дзейсную дапамогу ад дырэктара ПМК-70 А. Ю. Крыўко, які і паліва выдзяляе, і дапамагае з выплатай зарплаты. І за гэта вялікі дзякуй”.
Сітуацыю з ПМС патлумачыла намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Святлана Цімашэнка: “Прадпрыемства меліярацыйных сістэм пераведзена з абласной уласнасці ў камунальную. Праз некаторы час яно будзе ўключана ў склад ПМК-70 як падраздзяленне, якое будзе выконваць  меліярацыйныя і будаўнічыя функцыі. Зараз ідзе працэс рэарганізацыі шляхам далучэння ПМС да ПМК-70. Няважна, як назавуць ПМС – падраздзяленне, участак ці брыгада. Галоўнае, што людзі будуць забяспечаны работай”.
Сёння на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм працуе каля сарака чалавек. Засталіся самыя вытрыманыя і верныя сваёй справе. Як і заўсёды, зімой вядзецца высечка кустоўя на меліярацыйных каналах. Брыгады з піламі і сякерамі працуюць у Гаравых і Заобалі, рупяцца на рэканструкцыі меліярацыйнага аб’екта  “Леніна-Гарбузы”, дзе трэба давесці да ладу 218 гектараў палеткаў.  На гэтыя мэты выдзелена 100 тысяч рублёў.
Мы пабывалі на аб’екце за вёскай Ільінцы: там працавалі два экскаватары (Рыгор Волкаў і Пётр Чарнічэнка), два бульдозеры  (Мікалай Барысаў і Сяргей Мігуцкі), а таксама вальшчыкі.  “Мы зрабілі меліярацыйны канал даўжынёй 184 метры,  а таксама копанку. З яе бралі глебу, каб засыпаць тарфянікі, якія выгаралі, – расказаў майстар Уладзімір Дзятлаў. – Глебу разраўноўваем бульдозерамі, каб зручней было класці дрэнаж. Дрэнаж класці маглі б пачаць і зімой, але пакуль што не стае спецыялістаў  – патрэбен машыніст экскаватара для ўкладкі дрэнажу”.
У гэтым годзе меліяратары будуць працягваць рэканструкцыю аб’екта “Мішневічы”, якую пачалі летась. На гэтыя мэты выдзелена 138 тысяч рублёў. Пры размове з работнікамі ПМС мы высветлілі, што людзі  незадаволены невялікім заробкам,  таму ўскладаюць вялікія надзеі на рэарганізацыю. Спадзяюцца, што вырастуць аб’ёмы работ, і гэта дазволіць развярнуцца, працаваць на поўную магутнасць. А значыць,  і зарабляць грошы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №10 ад 01.02.2019 г.