Чтобы религиозные празднества прошли без чрезвычайных происшествий

Безопасность Общество

Рэлігійныя святы – без здарэнняў

У бліжэйшы час хрысціяне будуць святкаваць адно з галоўных святаў – Светлае Хрыстовае Уваскрэсенне (Вялікдзень) і Радаўніцу, дзень асаблівага памінання памёршых. Па традыцыі ў гэтыя дні ў  храмах праходзяць ўрачыстыя рэлігійныя мерапрыемствы. Улічваючы тое, што тут збіраецца вялікая колькасць  людзей і ў час богаслужэнняў выкарыстоўваецца  адкрыты агонь, гэтыя мерапрыемствы патрабуюць асабліва асцярожных паводзін і ўважлівасці. У сувязі з гэтым Міністэрства па надзвычайных сітуацыях нагадвае асноўныя правілы пажарнай бяспекі ў час богаслужэнняў у храмах.
Перад пачаткам службы вывучыце планіроўку малельнай залы і будынка царквы, каб ведаць шляхі эвакуацыі. Свечкі варта трымаць далей ад лёгказагаральных прадметаў. Будзьце асцярожныя пры запальванні свечак з падсвечнікаў: закочвайце рукавы адзення, моцна падвязвайце хустку і прыбярыце пад яе валасы. Уважліва сачыце за дзецьмі, не дапускайце, каб яны трымалі свечкі побач з вашым адзеннем. Пад свечкай трымайце кусок паперы ці насавую хустку, каб гарачы воск не трапіў на адзенне. Таксама трымайцеся на бяспечнай адлегласці ад іншых прыхаджан, якія трымаюць у руках запаленыя свечкі.
У выпадку загарання адзення хутка скіньце яго, накрыйце шчыльнай тканінай, пры моцным загаранні тушыце агонь вогнетушыцелем. У  выпадку спрацоўвання пажарнай сігналізацыі і апавяшчэння пра пажар не панікуйце, не стварайце цісканіну, пакіньце памяшканне. Пры ўзнікненні пажару неадкладна тэлефануйце па нумарах 101 ці 112.
Многія людзі падчас вясенніх царкоўных святаў наведваюць магілы родных і блізкіх. І  тут таксама патрабуецца выконваць пэўныя правілы бяспекі. Пры наведванні могілак не кідайце на зямлю запалкі і акуркі, не пакідайце на асвечаных сонцам участках шкляныя бутэлькі. Не паліце сухую траву каля кустоў, дрэў ці драўляных пабудоў. У час навядзення парадку на тэрыторыі могілак не паліце бескантрольна смецце і не разводзьце кастры.
Будзьце ўважлівыя і асцярожныя! Праяўляйце пільнасць, не праходзьце міма парушэнняў, якія могуць прывесці да трагедыі. Няхай царкоўныя святы будуць светлымі і радаснымі!
Вадзім ПІВАВАРАЎ, інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС.
Надрукавана ў №31 ад 19.04.2019 г.