Здарэнні. Крымінал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Хуліганства
У раённы аддзел унутраных спраў звярнулася жыхарка райцэнтра, якая расказала, што ў яе “Мерседэса”, які стаяў ля дома, пашко-джана бакавое шкло і левае люстэрка задняга бачання. Па гарачых слядах супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі, што пашкодзіў чужую машыну юнак з райцэнтра, які вучыцца ў тэхнічным каледжы г. Віцебска.  Складзены адміністрацыйны пратакол. Максімальнае пакаранне, якое пагражае за хуліганства, – пазбаўленне волі да 3 гадоў.
Гараж
Пацярпела жыхарка Обалі. У яе гараж, які знаходзіцца непадалёк ад дома, прабраліся злодзеі, выставілі аконную раму і ўкралі электрычны тачыльны станок, металічныя ціскі, 2 алюмініевыя бітоны па сорак літраў, дзве металічныя лесвіцы, металічныя трубы. Агульны ўрон склаў 240 рублёў. Злачынцы вышукваюцца.
Дача
Пенсіянер з Віцебска, які прыехаў на сваю дачу ў Шавекі, убачыў разбітае аконнае шкло. Злодзеі праніклі ў памяшканне і ўкралі самаробны наждак, прычапную касілку да мотаблока і рухавік. Агульны ўрон склаў 400 рублёў. Па дадзеным крадзяжы ўзбуджана крымінальная справа.
Узлом
Жыхар в. Ляжні звярнуўся ў міліцыю з той нагоды, што ў ягоным доме пабывалі злодзеі. Яны ўкралі тэлевізійную прыстаўку і прадукты харчавання. Работнікі крымінальнага вышуку разам з супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі па гарачых слядах знайшлі злачынцаў, ім аказаліся двое жыхароў в. Забар’е. Украдзенае канфіскавана. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа.
Праз фортку
Жыхарка Обалі паведаміла ў міліцыю, што ў яе дачным доме ў Слудашах нехта адкрыў фортку і праз яе трапіў у дом. Прапалі аса-бістыя рэчы гаспадыні. Асоба злодзея ўстаноўлена – гэта жыхар Гарадоцкага раёна, на рахунку якога абрабаваныя дамы ў Чэрчыцах, Рыпіншчыне і Кардоне.
Са зводак ДАІ
Нецвярозы
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі спынілі жыхара а-г. Слабада, які ў нецвярозым стане сеў за руль асабістых “Жыгулёў”. Парушальнік вы-кліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС, яму пагражае штраф і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
Не ўступіў дарогу
Жыхар аг. Светласельскі, які кіраваў асабістым аўто “Рэно-Меган-Сцэнік”, пры выездзе на галоўную дарогу не ўступіў яе “Маздзе”, за рулём якой быў жыхар Шуміліна. У выніку аўтамабілі сутыкнуліся, абодвум патрабуецца рамонт. На жыхара  аг. Светласельскі складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф да 5 БВ.
Без правоў
Падчас чарговага рэйду супрацоўнікі ДАІ затрымалі ў Светласельскім механізатара УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, які ў стане алкагольнага ап’янення кіраваў трактарам. Пры гэтым не меў правоў кіравання, а на прычэп адсутнічаў дзяржтэхагляд. Механізатар выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС. Да адказнасці будзе прыцягнута і службовая асоба прадпрыемства, якая дапусціла нецвярозага механізатара да выхаду на лінію.
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №37 ад 14.05.2019 г.