В Шумилино отметили годовщину Октябрьской революции

Главное Грамадства

Падзея, якая змяніла свет
Аб Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года існуе шмат розных, нават супрацьлеглых думак, але ў тым, што яна значна паўплывала на ўсё далейшае развіццё свету, згаджаюцца ўсе. І хаця дзень 7 лістапада перастаў быць святочнай датай нават ў большасці былых савецкіх рэспублік, гэтую дату адзначаюць многія, у першую чаргу ветэраны.
У нашай краіне Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі – святочная дата, таму напярэдадні свята у Шуміліне на цэнтральнай плошчы сабраліся прадстаўнікі раённых уладаў і грамадскасці. Перад прысутнымі выступіла кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава, якая нагадала аб значэнні Кастрычніцкай рэвалюцыі ў заснаванні беларускай дзяржаўнасці і справе стварэння сацыяльна справядлівай сістэмы. Яна падкрэсліла, што кожны павінен мацаваць нашу краіну сваёй працай, шанаваць лепшыя традыцыі.
Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў нагадаў, што за савецкую краіну, за яе незалежнасць змагаліся воіны падчас Вялікай Айчыннай вайны, менавіта ў гэтыя лістападаўскія дні ў абароне Масквы каваўся фундамент будучай перамогі над фашызмам.
Удзельнікі мерапрыемстваў ўсклалі вянкі да помніка Леніну і на вайсковыя могілкі.
Урачыстасці прадоўжыліся ў гарадскім Доме культуры. Перад гледачамі (а трэба адзначыць, што зала ГДК была запоўнена цалкам) выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў Ірына Мікалаеўна павіншавала ветэранаў вайны і працы, а таксама ўсіх жыхароў раёна з 94-й гадавінай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Яна назвала дзень 7 лістапада 1917 года яркай гістарычнай датай, нягледзячы на неадназначнасць яе ацэнкі. Але гэта наша гісторыя, мы абавязаны браць у яе ўрокі і шанаваць заваяванні нашых дзядоў і бацькоў, адзначыла старшыня раённага Савета. І. М. Новікава падкрэсліла, што з 1917 года бярэ свае вытокі беларуская дзяржаўнасць, Ірына Мікалаеўна спынілася на сучасным развіцці краіны, раёна.
Завяршыў святочную праграму, прысвечаную Дню Кастрычніцкай рэвалюцыі, рэтра-канцэрт “Песня застаецца з чалавекам”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №86 ад 09.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *