Вероника Давгилова выбрала профессию педагога-психолога

Молодёжь Образование

Бачыць унутраны свет дзіцяці

Псіхолаг у дашкольнай установе – гэта спецыяліст, які разбіраецца ва ўзроставых асаблівасцях, бачыць дзіцячыя праблемы і шляхі іх вырашэння. Менавіта на такога педагога-псіхолага – Вераніку Даўгілаву – пашчасціла дзіцячаму саду №3, лічыць яго загадчыца Наталля Пашкевіч.

Так атрымалася, што пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Вераніка працуе ў той жа дашкольнай установе, якую наведвала ў дзяцінстве. Цяпер яе выхавальнік Вера Казлова стала калегай. І зараз Вера Рыгораўна, іншыя выхавальнікі прыходзяць параіцца з маладым псіхолагам.
Вераніка Даўгілава адразу знайшла агульную мову з калектывам і дзецьмі. Заняткі ў групе моўнага развіцця, у групе інтэграванага абучэння, псіхолага-педагагічная дыягностыка, сацыяльная работа і многае іншае – гэта работа псіхолага.
Малады спецыяліст працуе найперш з праблемамі, якія ўзнікаюць у дзяцей: павышаны ўзровень трывожнасці, адаптацыя ў дзіцячым садзе, падрыхтоўка да школы. Шмат прыходзіцца працаваць з нядобранадзейнымі сем’ямі, з апякунскімі і прыёмнымі. У многіх дзетак слаба развіта дробная маторыка рук, якая ўплывае на інтэлектуальнае і маўленчае развіццё. Вераніка вядзе гурток «Чароўны квілінг», які якраз накіраваны на развіццё дробнай маторыкі.
– Якія парады часцей даяце бацькам?
– Парады індывідуальныя, усё залежыць ад сітуацыі, ад сям’і. На жаль, многія бацькі не хочуць чуць рэкамендацыі псіхолага, бо лічаць, што самі ўсё ведаюць пра выхаванне. Таму хочацца, каб яны прыслухоўваліся да нашых рэкамендацый, бо мы працуем, каб дапамагчы і дзеткам, і дарослым. Заўсёды раю бацькам быць бліжэй да дзяцей: разам з імі маляваць, разгадваць крыжаванкі, будаваць дзіцячыя гарадкі, гуляць у цікавыя гульні.
Галоўная задача псіхолага – убачыць унутраны свет дзіцяці. Ад таго, што перажываюць хлопчыкі і дзяўчынкі, залежыць іх развіццё, навучанне і выхаванне.
Пра Вераніку Даўгілаву калегі кажуць як пра граматнага спецыяліста, які заўжды прыходзіць на дапамогу. Сама ж псіхолаг ушчыльную займаецца самаадукацыяй, асвойвае новыя тэхналогіі. У прыватнасці, вывучае казкатэрапію, як адзін з метадаў работы з дзецьмі. Менавіта праз свет казак можна навучыць дзяцей дабрыні і шчырасці, упэўнены малады спецыяліст.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №13 ад 18.02.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *