Лепшы грамадскі інспектар – з «Вежы»

Новости Общество Экономика

Лепшы грамадскі інспектар – з «Вежы»

Згодна з пастановай Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Малашонак з Шуміліна прызнаны пераможцам галіновага агляду-конкурсу на лепшы грамадскі кантроль за захаваннем заканадаўства аб ахове працы сярод прафсаюзных інспектараў па ахове працы.

Павіншаваць пераможцу на ТАА «Вежа» прыехалі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вячаслаў Емяльянаў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. Яны ўручылі пераможцу грамату і прэмію, пажадалі далейшых поспехаў у рабоце.
Кіраўнік прафсаюзнай арганізацыі ТАА «Вежа» Юрый Афанасьеў адзначыў, што кантралёр Мікалай Малашонак працуе на прадпрыемстве трынаццаць гадоў, быў майстрам і інжынерам па ахове працы, таму добра ведае вытворчасць і яе асаблівасці. Як чалавека актыўнага, які ўмее знайсці падыход да людзей, яго вылучылі тры гады таму на пасаду грамадскага прафсаюзнага інспектара па ахове працы.
– Шмат абавязкаў у мяне як у грамадскага інспектара працы, – кажа Мікалай Пятровіч. – Правожу кантроль за замацаванымі аб’ектамі. Сачу за станам дзвярэй, за падсыпкай тэрыторыі вакол прадпрыемства падчас галалёду, кантралюю выкананне калегамі правілаў па бяспецы, наяўнасць сродкаў індывідуальнай аховы падчас работы са шкоднымі хімічнымі рэчывамі.
Забеспячэнне спец-адзеннем, стварэнне цывілізаваных сацыяльна-бытавых умоў і ўмоў працы і выкананне вытворчай і працоўнай дысцыплін – таксама ў полі зроку інспектара. Ён лічыць, што поспех залежыць яшчэ і ад сацыяльнага партнёрства паміж наймальнікам і прафкамам. У гэтым сэнсе на «Вежы» поўнае паразуменне, узаемадзеянне і канструктыўны дыялог.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №34 ад 04.05.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *