Рэпартаж з мабільнага пункта вакцынацыі ў папулярным магазіне «Санта», што ў Шуміліне

Главное Здоровье Новости Общество Ситуация с COVID-2019

Усвядомлены выбар. Выбар жыць

Рэпартаж з мабільнага пункта вакцынацыі

Прышчэпкі супраць каранавіруснай інфекцыі ў раёне робяць у прышчэпачным кабінеце ЦРБ, ва ўсіх амбулаторыях і ФАПах. У мэтах даступнасці вакцынацыі супраць COVID-19 медыкі арганізавалі перасоўныя пункты па-за медыцынскімі ўстановамі. Такія выязныя брыгады для тых, у каго існуе псіхалагічны бар’ер на наведванне сцен медыцынскай установы, хто баіцца, як ім здаецца, сустрэцца з вірусам. Даволі працяглы час функцыянуе мабільны прышчэпачны пункт каля магазіна «Вацак», што насупраць РАУС. У мінулую суботу яшчэ адзін пункт вакцынацыі дыслацыраваўся ў папулярным магазіне «Санта». Наколькі запатрабаваным аказалася мабільнае месца для вакцынацыі, адправіўся паглядзець карэспандэнт раённай газеты

Забягаючы наперад, адзначу, што мабільны пункт аказаўся запатрабаваным, прычым не толькі жыхарамі Шуміліна, але і населеных пунктаў раёна, бо да выязной брыгады прыехалі людзі з Язвіна, Слабады, Дабеі, Башнёў. Медыкі, а працавалі тут урач-тэрапеўт Аляксандра Пальвінская і медсястра Кацярына Саманцова, практычна «не сумавалі». Быў нават перыяд, калі за прышчэпкай выстраілася чарга. Узроставая катэгорыя жадаючых прышчапіцца – ад 20 да самых шаноўных год. Была зроблена прышчэпка ад COVID-19 83-гадовай жыхарцы райцэнтра.
Медыкі размясціліся на ўваходзе так, што не заўважыць было немагчыма: стол, неабходныя прыстасаванні, шырма, лекі, спецыяльная сумка-халадзільнік з вакцынай. Вакцына на выбар – расійская «Спадарожнік V» і кітайская Vero Cell (Sinopharm).
Першым на пункт вакцынацыі прыйшоў малады настаўнік – атрымаць другую дозу кітайскай вакцыны.

Перад прышчэпкай урач абавязкова праводзіць агляд і апытанне, мерыць ціск і тэмпературу цела, правярае сатурацыю, ацэньвае агульны стан пацыента. Афармляе дакументы. І толькі пасля гэтага медсястра ўводзіць вакцыну, праўда, спачатку разагрэўшы яе ў сваіх далонях, бо дагэтуль прэпарат (кітайская вакцына захоўваецца пры тэмпературы +2..+8, расійская – пры -18 градусаў) знаходзіцца ў сумцы-халадзільніку.
Сям’я Міглан з райцэнтра прышчапілася ад каранавірусу вясной, пасля таго, калі гаспадар перахварэў на COVID-19. Сюды ж на пункт Яніс Іванавіч і Галіна Іванаўна прыехалі прышчапіцца ад грыпу, бо самы час. «Вакцынуемся ад грыпу гадоў 12, – расказаў гаспадар. – І не хварэем. З маімі хваробамі нельга вірусы падхопліваць, вельмі рызыкоўна».
Прыемна было ўбачыць у ліку жадаючых вакцыніравацца кіраўніка сельскагаспадарчага прадпрыемства «Прыазёрны мір» Юрыя Савіцкага. «Ці хварэў, дакладна не скажу, афіцыйна – не, – прызнаўся Юрый Альбертавіч. – Жонка даўно прышчапілася, перанесла пры-шчэпку без сімптомаў, сябры таксама «абараніліся» ад вірусу. Ну і я ўрэшце саспеў. Ведаеце, яшчэ не ўсіх унукаў дачакаўся… Вырашыў вакцынавацца «Спадарожнікам».
Заяўляю афіцыйна – вакцыніраваўся. Медыкі з пажаданнямі здароўя нагадалі, што чакаюць яго праз 21 дзень за другой дозай.
Праз некаторы час у «Санту» завітала маладая сям’я Осіпавых з Дабеі. Як высветлілася, Мікалай – галоўны ветурач «Прыазёрнага міру», жонка Уладзіслава таксама ветурач, працуе ў Віцебску. Іх бацькі перахварэлі на каранавірус, бацька Мікалая даволі цяжка. Гэта, ды і прыклад кіраўніка гаспадаркі, і сталі апошнім стымулам для прыняцця рашэння вакцыніравацца.
«Пакуль стаялі ў чарзе за катлетамі, прынялі рашэнне зрабіць прышчэпку, – падышлі да брыгады медыкаў Павел і Наталля Ільіны з маленькім сынам на руках. – У вас ёсць кітайская вакцына?». Першым прышчэпку зрабіў Павел, пасля некаторых ваганняў, са словамі «калі муж зрабіў, то і я вакцынуюся», прышчапілася і Наталля. «Нам сына выхоўваць трэба, хварэць ні ў якім разе нельга». Жалезны, разумны довад.
– Асноўны паток жадаючых прышчапіцца, канешне, прыходзіцца на паліклікніку ЦРБ, – расказала галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч. – У пункце вакцынацыі, які знаходзіцца ў райцэнтры каля магазіна «Вацак», у першыя дні работы прышчэплівалася па 17 чалавек. Зараз наплыў знізіўся, за час работы ў сярэднім вакцыніруецца па 5-7 чалавек. Таму разглядаем магчымасць арганізаваць мабільны пункт вакцынацыі ў іншых людных месцах. Работа пункта вакцынацыі будуецца такім чынам, каб чалавеку было зручна прышчапіцца, напрыклад, у выхадны, каб далёка ісці не трэба было. Менавіта таму ад перасоўных пунктаў адмаўляцца не будзем. У бліжэйшы час плануем арганізаваць вячэрні мабільны пункт, каб чалавек меў магчымасць вакцынавацца пасля работы. Сачыце за інфармацыяй у газеце.
Вакцынацыя – адзіны спосаб спыніць пандэмію, падкрэсліла
Святлана Уладзіміраўна. Па яе словах, за час існавання вакцынацыі ў рэанімацыю бальніцы не паступіў ніводны вакцыніраваны чалавек. Не зафіксавана ніводнага лятальнага зыходу сярод тых, хто прышчапіўся. Ніхто не гаворыць, што прышчэпка на 100% абараняе ад хваробы, аднак жа калі такі чалавек і захварэе, то прышчэпка дазваляе папярэдзіць цяжкая цячэнне інфекцыі, шпіталізацыю і
смяротны зыход.
За час работы мабільнага пункта вакцынацыі ў «Санце» прышчапіліся супраць COVID-19 22 чалавекі, у ня-дзелю за дзве гадзіны – 9 чалавек. Гэта быў усвядомлены выбар. Выбар жыць.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №85 ад 02.11.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *