Конкурс харавых калектываў прайшоў у Шумілінскай СШ №1

Новости Образование

Батл хароў – калі ўся школа спявае

Агульнашкольны конкурс харавых калектываў «Песні дзяцінства і юнацтва класных мам і тат» прайшоў у Шумілінскай СШ №1. Цэлы тыдзень школа – ад 1-х да 11-х класаў – спявала.

Што такое клас? Па сутнасці сям’я, вялікая, адметная, са сваімі асаблівасцямі. Адна – дружная і актыўная, другая – ініцыятыўная і творчая, у чым часта вялікая заслуга класных кіраўнікоў. Яшчэ больш аб’яднаць класы, выхаваць у іх пачуццё адказнасці і таварыскасці і меў на мэце батл хароў. У якасці інструмента былі абраны музыка і песня, якія збліжаюць людзей, развіваюць творчыя навыкі і якасці.
Кожны клас выбраў для выканання любімую песню іх класных кіраўнікоў, якія яны спявалі ў сваім дзяцінстве. А што спявалі класныя? Практычна ўсе творы актуальна і арганічна гучалі са сцэны сёння, з вуснаў сённяшніх дзяцей. А ўсё таму, што яны пра вечныя чалавечыя каштоўнасці – мір, дружбу, сяброўства, каханне…
Спаборніцтвы праходзілі па паралелях. Прайграўшых не было – журы адзначыла кожны клас па намінацыях і вылучыла адзін клас, які быў крыху вышэй за астатнія ці то ў сцэнічным, ці ў то вакальным увасабленні твора.

Лепшымі ў сваіх паралелях сталі: 1«Г» (кл. кір. І. Сушынская), 2«А» (Н. Догель), 3«Г» (Н. Гарохава), 4«В» (А. Казакова), 5«В» (В. Жыгунова), 5«Г» (Л. Сіліна), 10«Б» (С. Кучмарова) і 11«Б» (П. Кавалёва) класы.
Некаторыя класныя, напрыклад, Святлана Гаралевіч і Любоў Сіліна, самі сталі ў хор, у 5 «Г» падпявалі і бацькі вучняў. Многім класам прыйшлі на дапамогу настаўнік музыкі Н. Філіпава, педагогі дадатковай адукацыі Н. Жаваранкава і А. Фёдарава, выкладчык музычнай школы А. Сініцкая. І гэта надало яшчэ большай узнёсласці і эмацыянальнасці.
Конкурс стаў святам песні, юнацтва і таленту. Прыемна было назіраць, як узвышана спявалі харавыя класныя калектывы, як дзеці перажывалі адзін за аднаго і радава-ліся агульнаму поспеху. І сапраўды, у многіх цяпер ёсць агульныя песні з іх бацькамі ці бабулямі, якія яны могуць спяваць разам.

«Мы крыху забыліся на масавыя формы работы, на агульнашкольныя мерапрыемствы, якія павінны выхоўваць усіх без выключэння вучняў, якія павін-ны выхоўваць пачуццё адказнасці, таварыскасці, сяброўства, – кажа намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Емяльянава. – Вось нядаўна у школе прайшоў, як мне здаецца, даволі паспяхова плац-парад. Бачна было, што дзецям спадабалася, яны з ахвотай прымалі ўдзел. І мы плануем працягваць выхаваўчы працэс у гэтым рэчышчы».
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №23 ад 29.03.2022 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *