В Шумилино почтили память капитана 3-го ранга Анатолия Испенкова

Общество

Вечная вахта капітана Іспянкова

7 красавіка  1989 года ў Нарвежскім моры патанула атамная  падводная лодка «Камсамолец», гэты дзень адзначаецца як Дзень памяці загінуўшых падводнікаў. На падводнай лодцы загінуў, выконваючы свой абавязак,  наш зямляк  – капітан 3-га рангу Анатоль Іспянкоў. «У Год гістарычнай памяці раённая арганізацыя «Саюз ваенных маракоў» ініцыявала правя-дзенне ў Шуміліне памятнага мерапрыемства, прысвечанага Дню памяці загінуўшых падводнікаў, – расказваў старшыня арганізацыі Віктар Прыходзька. – Анатоль Іспянкоў нарадзіўся ў вёсцы Хвостава Шумілінскага раёна. У райцэнтры з’явіўся сквер Воінскай славы, у якім устаноўлена мемарыяльная пліта ў памяць пра нашага земляка-падводніка. Спадзяемся, што гэтае мерапрыемства стане традыцыйным».

Марское братэрства – асаблівае. На мерапрыемства сабраліся маракі з Шуміліна, Віцебска, Полацка, Наваполацка,  Талачына, Верхнядзвінска.

У скверы Воінскай славы адбыўся мітынг. Віктар Прыходзька  падкрэсліў, што ва ўсе стагоддзі памяць пра загінуўшых абаронцаў Айчыны была святой.

«Сёння мы ўспамінаем пра подзвіг экіпажа падводнай лодкі «Камсамолец», – адзначыў ён. – Кожны з падводнікаў выканаў свой абавязак. Вечны спакой знайшоў і наш зямляк капітан 3-га рангу Анатоль Іспянкоў. Вахтавы матрос, які павінен быў забяспечваць работу дызель-генератара, страціў прытомнасць. Яго месца заняў Анатоль. Ён разумеў, што аварыйнай лодцы патрэбна электраэнергія, каб як мага больш таварышаў змаглі выратавацца, і  не пакінуў свой пост, нават калі застаўся адзін. Ён упарта працягваў несці вахту. Да апошняй секунды. Ён і сёння яе нясе на працягу вось ужо 33-х гадоў.  Мы, сённяшняе пакаленне, павінны помніць пра кожнага, хто загінуў дзеля нашага мірнага жыцця».

Шчымлівым і прачулым  было выступленне сястры Анатоля Іспянкова Зінаіды Вінаградавай. «Вельмі радуе, што Анатоля памятаюць, – сказала Зінаіда Мацвееўна.–  Імя Анатоля Іспянкова носіць віцебская СШ №8, дзе будучы падводнік вучыўся з 5-га па 10-ы клас,  на будынку школы ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Аднакласнік і сябар марака-падводніка Анатоль Каваленка ўжо шмат год праводзіць у  Віцебску турнір па вольнай барацьбе ў памяць тых, хто загінуў на «Камсамольцы».  Вось і ў Шуміліне  з’явілася мемарыяльная дошка ў гонар брата. Дзякуй».

Хвіліна маўчання. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да стэлы з імёнамі воінаў-землякоў.

У раённым цэнтры культуры быў арганізаваны вечар памяці, на які   запрасілі старшакласнікаў гарадскіх школ. Мерапрыемства атрымалася глыбока патрыятычным.  Любоў да Радзімы, вайсковы абавязак, афіцэрскі гонар, памяць пра людзей, якія загінулі дзеля нашага мірнага неба – пра гэта гаварылі ўсе выступоўцы. Словы пранікалі глыбока ў сэрцы і не маглі пакінуць раўнадушным нікога.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Надрукавана ў №26 ад 08.04.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *