Шумилинские дорожники приступили к ремонту дорожного покрытия

Новости Экономика

Работы на дарогах

 Падтрымліваць у належным стане дарогі рэспубліканскага значэння, а таксама тэрыторыі вакол іх – галоўная задача работнікаў лінейна-дарожнай дыстанцыі № 364 філіяла ДЭУ-36 РУП «Віцебскаўтадар». Яны прыступілі да навядзення парадку за вёскай Мясаедава на аўтадарозе Гарадок-Ула-Камень.

Дарожных рабочых, якія займаліся ямачным рамонтам, мы сустрэлі на аўтадарозе за вёскай Мясаедава. «На спецмашыне разаграваем арганамінеральную сумесь да 100 градусаў, заліваем яе ў выбітыя яміны, а зверху краі ўручную праліваем бітумам, каб участак не выбіваўся пры дарожным руху, – расказалі брыгадзір Яўген Гушчанка і дарожны рабочы Мікалай Жабін, якія ўмацоўвалі адрамантаваныя паўгадзіны таму ўчасткі».

На аб’ект пад’ехаў начальнік філіяла ДЭУ‑36 Аляксандр Капцюг. «З даведзенай дзённай нормай у 35 метраў квадратных шумілінскія дарожнікі спраўляюцца, – адзначыў Аляксандр Пятровіч. – Увогуле тут мяркуем правесці рамонт на ўчастку 200 метраў квадратных. Галоўнае для нас – бяспечная траса для ўдзельнікаў дарожнага руху».

На гэтай жа аўтатрасе працуе другая брыгада лінейна‑дарожнай дыстанцыі, якая займаецца высечкай кустоўя. У руках Андрэя Ткачова, Аляксандра Старавойтава, Васіля Рыцарава, Яўгена Ткачова – кустарэзы і пілы. «Наводзім парадак на прыдарожнай паласе, два метры ад краю дарогі вызваляем ад лазняку, – расказалі дарожнікі. – Колькі зробім, залежыць ад таго, ці многа кустоўя. Учора, напрыклад, адолелі 200 метраў квадратных за дзень, бо быў складаны ўчастак, сёння за паўдня высеклі амаль 500 метраў квадратных лазы. Тыдні за два “дойдзем” да Мікалаева».

Да слова, высечанае кустоўе не знішчаюць, а складзіруюць уздоўж дарогі, потым грузяць на трактары і вывозяць да кацельні УП ЖКГ, дзе здрабняюць на шчапу. Безадходная вытворчасць…

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *