Маршрут выхаднога дня – для ўсёй сям’і
Вядома, што сям’я ўплывае на выхаванне дзіцяці, далучае яго да навакольнага свету. Выхадныя – той час, калі бацькі могуць надаць больш увагі сваім дзецям. У кожнай сям’і ёсць традыцыі правядзення выхаднога дня. Каб дзеці і іх бацькі лепш ведалі гісторыю роднага краю, выхавальнікі Шумілінскага дзіцячага сада № 3 распрацавалі «маршрут выхаднога дня» і размясцілі ў бацькоўскіх кутках і на сайце дзіцячай установы.
У памятках і буклетах педагогі апісалі варыянты экскурсій па родным пасёлку: «Вместе к озеру пойдем – день мы с пользой проведём» (выхавальнік А. Далгіна), «Помнік воінам-афганцам» (выхавальнік Т. Нячай), «Да Алеі славы» (выхавальнік А. Самуйлава), «Займальны маршрут да чыгуначнага вакзала і аўтастанцыі» (выхавальнік І. Шкулава), «Алея герояў-лётчыкаў» (выхавальнік В. Барадуліна) і іншыя. Падчас такіх экскурсій дзеці даведаюцца гісторыю, культуру і геаграфію роднага краю.
Дзеці павінны не толькі атрымліваць гатовыя веды аб малой радзіме, але і актыўна ўдзельнічаць у атрыманні гэтых ведаў разам з бацькамі. Сумесныя мерапрыемствы – гэта альтэрнатыва правядзенню часу на канапе каля тэлевізара ці камп’ютара. Распрацоўка «маршрута выхаднога дня» праведзена ў рамках рэалізацыі творчага праекта «Укараненне мадэлі ўзаемадзеяння ўстановы адукацыі і сям’і па фарміраванні грамадзянска-патрыятычных пачуццяў у выхаванцаў».
Прагуляйцеся ў бліжэйшыя выхадныя з дзіцем па родным пасёлку, выкарыстоўваючы «маршрут выхаднога дня» – і вы атрымаеце безліч станоўчых эмоцый!
Святлана ЗАЛАТУХІНА, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 3

