«На буксір не прасіўся. Спраўляюся сам»
Надвор’е спрыяе работам на палетках — сельгаспрадпрыемствы займаюцца ўздымам зябліва.
На днях на палетках у Непаротах мы сустрэлі механізатара ААТ «Прыазёрны мір» Віталя Антонава, які працаваў на энерганасычаным трактары з васьмікорпуснымі плугамі. «Працаваў нават па невялікім снезе, — расказаў Віталь. — Дзе вышэйшыя ўчасткі, тэхніка ідзе добра, у нізінах — з натугай. Тым не менш на буксір не прасіўся, спраўляюся сам».
Віталь Антонаў працуе на ворыве каля трыццаці гадоў. Не прыпамінае, каб у пачатку сваёй дзейнасці зябліва ўздымаў у снежні. Гэта ў апошнія гады надвор’е змянілася, таму і графікі работы змясціліся.
Віталь Антонаў уздымае за дзень па 18-20 гектараў глебы. Стараецца, бо ведае: наколькі спрацуе зараз, настолькі будзе лягчэй вясной. Наогул на рахунку перадавога механізатара сёлета больш за 300 гектараў узнятага зябліва.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

