Декабрь — месяц гастрономического туризма. Накрываем стол по-шумилински

Край шумілінскі Общество Спорт, туризм

Накрываем стол па-шумілінску. Дранікі з мясам – абавязковыя

Калі да нас прыязджаюць госці, мы стараемся частаваць нечым адметным, асаблівым. І часта на сталах гаспадынь з’яўляюцца нацыянальныя і рэгіянальныя стравы. Ёсць яны і ў пунктах грамадскага харчавання. Што ў меню і што карыстаецца попытам, мы даведаліся ў кафэ «Метан», «Калібры» ў Шуміліне і ў кафэ «Сіці» ў Обалі.

У кафэ «Метан» кожны дзень, акрамя выхадных, гатуецца некалькі варыянтаў комплексных абедаў, абедаюць у сярэднім па 80 чалавек. «Маем “Зборнік тэхналагічных карт беларускіх блюд”, якім і карыстаемся, – расказала начальнік цэнтра гандлю і аздараўлення ВУ “Метан” Вераніка Гоманава. – Калі браць у цэлым, гатуем больш за сотню страў па нацыянальных рэцэптах.

Што карыстаецца попытам? На першае часта гатуем суп з кіслай капусты, халаднік, суп з ячных круп з грыбамі, боршч халодны на кефіры. Любяць нашы наведвальнікі і юшку. Што тычыцца страў “на другое”, то на першым месцы дранікі з мясам. Іх любяць усе. Да нас часта заязджаюць на абед вадзіцелі-расіяне, і некаторыя, хто ў кафэ пабываў не адзін раз, так і кажуць: «Хочам шумілінскіх дранікаў!».

Карыстаюцца попытам і іншыя стравы з “другога хлеба”, адзначыла повар кафэ Надзея Лось, – бульба са шпікам, бульба тушаная, бульбянікі, па заказе гатуюць “бабку”. Любяць наведвальнікі мачанку са свініны, яешню з каўбаскамі, бліны з тварагом, сырнікі. На дэсерт многія просяць тварожныя батончыкі.

Стравы беларускай нацыянальнай кухні гатуюцца не толькі на комплексныя абеды, але і падчас банкетаў (юбілеяў, вяселляў) – заказваюць свініну далікатэсную, рыбу смажаную, філе птушкі ў сыры, рулет са свініны. Ніводны памінальны стол не абыходзіцца без клёцак, бліноў з тварагом і юшкі.

Кафэ «Калібры» працуе пад заказ. «На банкеты звычайна заказваюць катлеты, запечаную рыбу, галубцы, рулет са свініны, – расказала дырэктар установы Кацярына Ізафілава. – Што тычыцца памінальнага стала, то на ім абавязкова прысутнічаюць бліны з тварагом, часта – клёцкі і юшка».

Пад заказ гатуе абеды ці вячэры і кафэ «Сіці» ў Обалі. Апошнім часам цесна супрацоўнічаюць з турыстычным інфармацыйным цэнтрам, расказала дырэктар установы Маргарыта Петрушэўская. Турысты, якія наведваюць Шуміліншчыну, просяць на абедзенны стол менавіта адметныя рэгіянальныя стравы. На першым месцы – дранікі са смятанай. Калі прыязджалі  брэсцкія турысты, былі ў захапленні ад бульбяных піражкоў з мясам. Гатуюць тут таксама галубцы, запечаную свініну, філе з птушкі, катлеты, салату з капусты.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

 

РЭЦЭПТ  АД  ПОВАРАЎ  КАФЭ  “МЕТАН”  ДА  НАВАГОДНЯГА  СТАЛА

Свініна далікатэсная

На адну порцыю спатрэбіцца: 110 г мяса свініны, 25 г мяса птушкі, 20 г цыбулі, 20 г грыбоў, 30 г смятаннага соусу, 5 г сыру, 10 г мукі, 10 г сметанковага масла, 10 г алею, соль і спецыі – па смаку.

Свініну адбіць, пасаліць, паперчыць, абваляць у муцэ, абсмажыць на алеі з двух бакоў і пакласці на бляху.

Рыхтуем начынку: 25 г варанага курынага мяса рэжам на кубікі, абсмажваем 20 г цыбулі на сметанковым масле і 20 г грыбоў на алеі, змешваем з курацінай. Сюды ж дадаём 30 г смятаннага соусу, начынку кладзём на свініну, зверху пасыпаем цёртым сырам. Запякаем у духоўцы 40 хвілін пры тэмпературы 180-200 градусаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *