В «Мишневичах» идёт массовая заготовка кормов

Экономика

Увайшлі ў смак касавіцы

На сенажацях КУСГП “Мішневічы” зараз ажыўлена – ідзе масавая нарыхтоўка кармоў.

На кормаўборачным камбайне працуе Аляксандр Новік, з касілкамі – Віктар Котаў, Віктар Пятроў, Алег Мікалаеў. А яшчэ працуе МТЗ з граблямі, адзін за адным пад’язджаюць механізатары з прычэпамі, каб забраць сянажную масу і адвезці да траншэі. Намеснік дырэктара па вытворчасці Сяргей Касцюковіч кажа ўхвальнае слова  пра ўсіх механізатараў. Гэта яны сёння на пярэднім краі – працуюць з пяці гадзін раніцы і дацямна. “Сёння своечасова сказанае “дзякуй” вельмі важнае, – лічыць Сяргей Мікалаевіч, разам з якім едзем ва ўрочышча Андрэеўка, дзе вядзецца корманарыхтоўка. – Для чалавека важныя не толькі зарплата і прэмія, але і маральнае заахвочванне. Тым больш, што механізатарскі касцяк у нас застаўся мясцовы і надзейны – такі не здрадзіць, не збяжыць са сваёй маленькай радзімы. Тым больш, што сёлета, як і мінулыя гады, мяркуем нарыхтаваць корму пра запас – каб хапіла не толькі для ўласных патрэб, але і на продаж”.
“Надвор’е сёлета спрыяе касавіцы, – расказалі механізатары. – За апошнюю пяцігодку гэта першае лета, калі трактары нідзе не буксуюць. Вясной было мала дажджоў, так што гаспадарка выйграла ў тым плане, што маем нямала нізкіх палеткаў – травы там гусцейшыя. Але ёсць і рэдзенькія палеткі. Тым не менш убіраць трэба ўсё. Стараемся працаваць. Праблема ў тым, што сёлета часта падводзіць тэхніка. Шкада часу, затрачанага на рамонт – за гэтыя гадзіны не адзін гектар можна было б скасіць”.

Сяргей Лявонаў

Фінішны пункт травянога канвеера – сянажныя траншэі. Іх дзеля зручнасці жывёлаводаў размяшчаюць паблізу ля фермаў. Адна з траншэй на 500 тон гатова ў Заобалі, другую падчас нашага прыезду закладвалі ля фермы Мішневічы. На трамбоўцы тут працаваў Сяргей Лявонаў. За дзень яму прывозяць каля двухсот тон падвяленай травы – і яе трэба ўтрамбаваць. Кармасховішча мае свой пашпарт, а якасць закладкі сенажу кожны дзень кантралююць спецыялісты. Каб сянаж не ператварыўся ў сілас, важна вытрымліваць патрэбныя тэмпературу і вільготнасць.
У КУСГП “Мішневічы” скошана 709 га травы (гэта больш за палову да патрэбнага), нарыхтавана 2675 тон сенажу. На днях механізатары пераязджаюць на нізкія палеткі ў Старыновічы і Валатоўкі, дзе травы больш ўраджайныя.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №49 ад 26.06.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *