Новыя меры па вырашэнні праблемы пустуючых і старых дамоў прыняты ў Беларусі

Общество Экономика

4 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новыя меры па вырашэнні праблемы пустуючых і старых дамоў прыняты ў Беларусі. Адпаведны ўказ нумар 357 «Аб пустуючых і старых дамах» Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 4 верасня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Дакумент накіраваны на ўдасканаленне работы па скарачэнні колькасці безгаспадарных і аварыйных пабудоў у населеных пунктах.

Указам прадугледжваецца распаўсюджванне існуючага ў сельскай мясцовасці механізма работы з пустуючымі і старымі дамамі на тэрыторыю ўсіх населеных пунктаў. Пры гэтым дзеючы ўказ ад 23 лютага 2012 г. нумар 100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці» прызнаецца страціўшым сілу.

Абавязкі па вядзенні рэестраў пустуючых і старых дамоў, а таксама па размяшчэнні звестак з гэтых рэестраў на сваіх афіцыйных сайтах у інтэрнэце ўскладаюцца на раённыя, гарадскія (гарадоў абласнога падпарадкавання) выканкамы, мясцовыя адміністрацыі раёнаў у Мінску.

Выканкамам прадастаўляецца права адчужаць пустуючыя і старыя дамы як на аўкцыёнах (у тым ліку з выкарыстаннем механізма паніжэння пачатковай цаны на 20 працэнтаў, 50 працэнтаў і 80 працэнтаў), так і шляхам іх прамога продажу пры наяўнасці аднаго прапанавання аб куплі, што дасць магчымасць паскорыць працэдуру адчужэння гэтых дамоў.

Адчужэнне пустуючых і старых дамоў у абласных цэнтрах і іншых населеных пунктах, вызначаных аблвыканкамамі, будзе ажыццяўляцца выключна па выніках аўкцыёнаў. Акрамя таго, аўкцыёны будуць праводзіцца пры паступленні заявак ад некалькіх прэтэндэнтаў на набыццё дома.

Прадугледжваецца магчымасць прадастаўлення выканкамам зямельнага ўчастка, на якім размешчаны пустуючы альбо стары дом, новаму землекарыстальніку пры ўмове зносу такога дома за яго кошт, што будзе садзейнічаць скарачэнню расходаў мясцовых органаў улады.

Акрамя таго, падрабязна рэгламентуюцца механізмы работы з рухомай маёмасцю, размешчанай у пустуючых і старых дамах, а таксама парадак адчужэння і далейшай дзяржаўнай рэгістрацыі пустуючых і старых дамоў, у адносінах да якіх адсутнічаюць правазасведчвальныя дакументы.

Ва ўказе ўлічаны даручэнні Прэзідэнта, а таксама прапановы кіраўнікоў дзяржаўных органаў, агучаныя на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы па праекце новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь і пытаннях удасканалення заканадаўства па скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў.

Для павышэння эфектыўнасці і аператыўнасці работы з пустуючымі і старымі дамамі на месцах абласным і Мінскаму гарадскому выканкамам прадастаўляецца права вызначаць парадак такой работы на адпаведных тэрыторыях (у частцы, не ўрэгуляванай указам).

Таксама ў дакуменце замацавана, што падаваемая ў мясцовы выканаўчы i распарадчы орган заява ўласніка пустуючага дома аб намеры выкарыстоўваць гэты дом павінна ўтрымліваць абавязацельства выконваць устаноўленыя заканадаўствам мерапрыемствы па ахове і выкарыстанні зямель.

У цэлым указ будзе садзейнічаць рэалізацыі мерапрыемстваў па навядзенні ўзорнага парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, запланаваных у рамках правядзення ў Рэспубліцы Беларусь 2018-2020 гадоў пад знакам Года малой радзімы.-0-



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *