Виктор Шишкович: «Каждый следователь универсальный, расследует все категории криминальных дел»

Общество

Раўнадушнасць – паплечнік  злачынцы
12 верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень супрацоўніка органаў папярэдняга следства – прафесійнае свята следчых

12 верасня 2011 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 409 быў створаны Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Ён утварыўся шляхам зліцця следчых  падраз-дзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэта дзяржкантролю і пракуратуры.
Пра сённяшні дзень раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь гутарым з начальнікам аддзела капітанам юстыцыі Віктарам Мікалаевічам ШЫШКОВІЧАМ.

– Следчы камітэт – адзіная і цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных праваахоўных органаў, якія з’яўляюцца органамі папярэдняга следства і ажыццяўляюць паўнамоцтвы ў сферы дасудовай крымінальнай вытворчасці.
Раённы аддзел Следчага камітэта пачаў сваю работу 1 студзеня 2012 года. Сёння ў нас служаць 6 следчых, з якіх 4 – старшыя. Калектыў працуе і выконвае  пастаўленыя перад ім задачы.
– Віктар Мікалаевіч, як Вы ацэніце цяперашні ўзровень злачыннасці ў нашым раёне? Што турбуе перш за ўсё?
– Па выніках 2018 года ўзровень злачыннасці ў параўнанні з 2017 зменшыўся на 26,3%. За 2018 год было закончана 132 крымінальныя справы, з іх 38 – па фактах крадзяжу, 12 – ухіленне ад выплаты аліментаў бацькамі. Па завершаных справах нанесеная шкода склала больш чым 20 тысяч рублёў.
Сёлета работа РАСК ажыццяўлялася ва ўмовах стабільнай нагрузкі. За 8 месяцаў перададзена пракурору для накіравання ў суд 77 крымінальных спраў у адносінах да 80 асоб. Акрамя гэтага, супрацоўнікі аддзела праводзяць праверкі па фактах парушэння працоўнай дысцыпліны, якія прывялі да калецтва людзей, па выпадках смерці грамадзян, калі не зразумелая яе прычына. Так, за 8 месяцаў бягучага года ў нас знаходзілася 46 матэрыялаў праверак, з якіх большасць – па фактах смерці грамадзян.
Для ліквідацыі прычын і ўмоў, якія спрыяюць здзяйсненню злачынства, работнікамі Следчага камітэта за папярэдні год былі ўнесены 187 прадстаўленняў, па выніках якіх да дысцыплінарнай адказнасці было прыцягнута 15 чалавек.
Часцей за ўсё грамадзяне становяцца ахвярамі крадзяжоў з-за сваёй няўважлівасці або халатнасці. Пакідаюць ключы ад машын, кватэр у даступных месцах, дамы – незамкнутымі. На жаль, злачынцы карыстаюцца гэтай неабачлівасцю. Так, асноўнымі прадметамі крадзяжу застаюцца веласіпеды, таму што іх уладальнікі любяць пакідаць у пад’ездах, куды злачынцу патрапіць лягчэй за ўсё, і каля магазінаў, пакідаючы іх непрышпіленымі.
Асноўная катэгорыя нашых “падапечных” – грамадзяне, якія маюць судзімасць, нідзе не працуюць, злоўжываюць спіртнымі напоямі. Яны знаходзяцца ў пастаянным полі зроку міліцыі.
– Інтэрнет стаў для большасці людзей нормай жыцця.  Ці часта даводзіцца сутыкацца са злачынствамі, здзейсненымі ў інтэрнеце і сацыяльных сетках?
– Такія факты нярэдкія. Адзначу, што апошнія два гады значна пачасціліся злачынствы, здзейсненыя ў інтэрнеце. Узлом старонак у сацыяльных сетках, махлярскія дзеянні з банкаўскімі карткамі. Усяго следчыя нашага аддзела за два гады разгледзелі 23 такія крымінальныя справы.
– Адна з апошніх рэзанансных крымінальных спраў на Шуміліншчыне – па факце забойства мужчыны ў вёсцы Талкачова-2. Раскажыце, чым закончылася справа і які, на ваш погляд, урок павінна вынесці наша грамадства з гэтай трагедыі?
– Нагадаю, што перад новым годам жанчына нанесла сужыцелю нажавы ўдар, ад якога мужчына памёр. Пасля гэтага жанчына спакойна працягнула святкаваць навагоднія святы.  Крымінальная справа па дадзеным  факце перададзена у суд. Абвінавачанай жанчыне прысуджана  9 год пазбаўлення волі.
Калі казаць абагулена, то і ў гэтым забойстве “вінавата” гарэлка, а таксама абыякавасць лю-дзей. Што тут дабавіць? Што трэба не праходзіць міма фактаў правапарушэнняў, нават самых, здаецца, дробязных, сігналізаваць у праваахоўныя органы. Раўнадушнасць – паплечнік злачынцы, як бы жорстка гэта не гучала.
– Як я разумею, справядлівасць пакарання залежыць шмат у чым ад таго, наколькі дэталёва праводзіцца следства.
– Бясспрэчна. На следчага заканадаўча ўскладзена аб’ектыўнае і ўсебаковае расследаванне крымінальнай справы. Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам следчы з’яўляецца асобай, якая займае адказную пасаду, што ўскладае на яго павышаную адказнасць перад грамадствам за правільнасць і адназначнасць яго дзеянняў. Аб якасці працы нашага падраздзялення сведчыць той факт, што намі не дапушчана памылак, якія дазволілі б суду вынесці апраўдальны прысуд у дачыненні да падазроных грамадзян, не было выпадкаў спынення крымінальнага праследвання асоб, якім прад’яўлялася абвінавачванне.
– Вось і зноў мы з вамі вярнуліся ў нашай гутарцы да асабовага складу раённага аддзела Следчага камітэта. Раскажыце трохі пра людзей, якія тут служаць. Ці існуе дыферэнцыраваны падыход у размеркаванні абавязкаў паміж следчымі або кожны з іх – універсальны спецыяліст?
– Пачну размову са свайго намесніка – Дзмітрыя Печура. Следчы з 13-гадовым стажам. Пачынаў прафесійную дзейнасць следчым у горадзе Віцебск. На пасадзе намесніка з красавіка 2018 года.  Дзмітрый Печур – кампетэнтны спецыяліст, які не толькі добра разбіраецца ў следчым працэсе, а і ўмее скаардынаваць работу следчых.
Старшыя следчыя Віктар Казлоўскі і Сяргей Лазоўскі на пасадзе следчага працуюць больш чым 10 год. Яны вопытныя і граматныя спецыялісты, якія могуць раскрыць самую складаную крымінальную справу.
Кацярына Каяновіч, Андрэй Сялязнеў і Алег Свіркуноў – дапытлівыя і граматныя следчыя, якія пастаянна павышаюць свой узровень.
З улікам таго, што следчых усяго 6, у аддзеле існуе спецыялізацыя, напрыклад па цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах, злачынствах супраць інфармацыйнай бяспекі, злачынствах, якія здзейснілі непаўналетнія і г.д. Хаця кожны следчы ўніверсальны, расследуе ўсе катэгорыі крымінальных спраў. А займаемся мы расследаваннем ўсяго спектра крымінальных злачынстваў: ад камп’ютарных да дробных крадзяжоў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №71 ад 10.09.2019 г.