У Шуміліне адбылося ўрачыстае адкрыццё новага 40-кватэрнага дома

Главное Новости Общество

У падарунак да свята – новы дом на 40 кватэр

5 лістапада ў Шуміліне адбылося ўрачыстае адкрыццё новага 40-кватэрнага дома

Сваё жыллё – гэта заўсёды радасць і шчасце. У сваім доме ці кватэры адчуваеш сябе ўпэўнена і ўтульна, тут марыш і будуеш планы. І такая мажлівасць з’явілася ў 40 сем’яў, якія засяляюцца ў пяціпавярховы дом у завулку Угнявёнка.

Уладзімір Цярэнцьеў, Таццяна Рахцеева і Віктар Гутараў пераразаюць чырвоную стужку падчас адкрыцця новага дома.

Трыццаць кватэр пабудавана для мнагадзетных сем’яў, якія, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, змаглі скарыстацца льготным крэдытам і сямейным капіталам, адзначыў старшыня райыканкама Віктар Гутараў. Кіраўнік раёна сказаў ухвальнае слова пра адно з лепшых будаўнічых прадпрыемстваў вобласці – Шумілінскую ПМК-70, работнікі якой хутка і якасна пабудавалі шматкватэрны дом «пад ключ». Каля дома зроблена добраўпарадкаванне, абсталявана сучасная дзіцячая пляцоўка, вялікая паркоўка.
Неўзабаве у мікрараёне СШ №2 будуць закладваць фундамент яшчэ аднаго шматкватэрнага дома, а потым і наступнага. У раёне яшчэ 91 мнагадзетная сям’я мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, заўважыў Віктар Гутараў.
Да адкрыцця новага дома прымеркаваў свой візіт у Шуміліна старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Ён адзначыў, што ў гэтым годзе ў вобласці пабудавана 211 тысяч метраў квадратных жылля, прычым больш за 90 тысяч – дзякуючы субсідыям дзяржавы. Кватэры атрымала 901 сям’я. Новы дом у Шуміліне таксама зазвініць дзіцячымі галасамі – усяго ў мнагадзетных сем’ях, якія будуць тут жыць, налічваецца 104 дзіцяці. Уладзімір Цярэнцьеў адзначыў, што ў мікрараёне трэба ў далейшым развіваць сацыяльную інфраструктуру, і на гэта нацэлены ўсе намаганні.

Яўгенія і Аляксей Асяпёнак з дачкой Ксеніяй рады кватэры ў новым доме.

Мнагадзетная маці Таццяна Рахцеева падзякавала будаўнікам за добры дом і цёплыя кватэры, пажадала ўсім сваім будучым суседзям дабрабыту.
Сімвалічны ключ ад новага дома дырэктар Шумілінскай ПМК-70 Аляксей Крыўко перадаў начальніку Шумілінскага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Міхаілу Ляхаву.
Права перарэзаць чырвоную стужку і адкрыць новы дом было прада-стаўлена Уладзіміру Цярэнцьеву, Віктару Гутараву і Таццяне Рахцеевай.
Дом пабудаваны, ключы ўручаны. Няхай усім навасёлам шчасціць у новых кватэрах!
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №87 ад 06.11.2020 г.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *