Шумілінскі цэх ААТ «Малако» сёння перапрацоўвае па 110-115 тон малака за дзень

Новости Экономика

А вы новы сыр плаўлены «сметанковы» каштавалі?

Шумілінскі цэх ААТ «Малако» сёння перапрацоўвае па 110-115 тон малака за дзень і вырабляе да 9 тон прадукцыі. Асноўны накірунак – выраб сыроў паўцвёрдых гатункаў.

Для таго, каб шумілінскі цэх працаваў без збояў, патрэбна перш за ўсё сыравіна, прычым штодзённа. Так, за студзень-лістапад гэтага года на прадпрыемства прывезлі 35 тысяч тон малака, якое было перапрацавана. Толькі трэцяя частка ўсёй патрэбнай сыравіны паступае з гаспадарак нашага раёна. Астатняе малако прывозяць з Віцебскага раёна і з сельгаспрадпрыемстваў ААТ «Малако».
Каб забяспечыць якасць прадукцыі, у шумілінскім цэху ёсць лабараторыя, дзе сыравіну правяраюць на чысціню, кіслотнасць, наяўнасць антыбіётыкаў, тлустасць і іншыя параметры. Усё малако пастэрызуецца перад паступленнем на сыраробчы ўчастак. «За студзень-лістапад гэтага года на нашым прадпрыемстве было выраблена 2447 тон паўцвёрдых сыроў і 186 тон нятлустага сыру для плаўлення, – расказала майстар Шумілінскага цэха Ларыса Пракопчык. – Асноўныя гатункі сыроў, якія адгружаюцца з нашага прадпрыемства – галандскі, кастрамскі, расійскі, пашахонскі».
Тры месяцы таму шумілінскія сыраробы пачалі выпускаць новы від прадукцыі – плаўлены сыр «сметанковы». Дзеля гэтага з галаўнога віцебскага прадпрыемства прывезлі неабходнае абсталяванне. «У верасні-лістападзе ішлі пробныя партыі новага гатунку сыра, усяго яго вырабілі 3,5 тоны, – расказала тэхнолаг прадпрыемства Ганна Арлоўская. – Прадукцыя разышлася па розных гандлёвых кропках Беларусі і мела попыт. Таму вырашылі працягваць выраб гэтага сыра. Асаблівасць плаўленага сыру ў тым, што ён вырабляецца з сыру тлустых гатункаў. Да яго дадаюцца патрэбныя кампаненты, усё пераплаўляецца. Плаўлены сыр багаты на кальцый і бялок, у ім прысутнічаюць важныя вітаміны групы В, а таксама Е, Д і А. У адрозненне ад сыроў цвёрдых гатункаў гэты прадукт больш каларыйны, арганізм яго хутка засвойвае. Плаўлены сыр дазваляе хутка прыгатаваць сытны сэндвіч або гарачы бутэрброд на сняданак».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №98 ад 15.12.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *