Больш за паўстагоддзя – у сельскай гаспадарцы
Ганаровай граматай Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК за шматгадовую сумленную працу і важкі ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі ўзнагароджана Галіна ЗАБАБУХА з ААТ «Прыазёрны мір».
Пачынала Г. А. Забабуха свой працоўны шлях яшчэ ў калгасе імя Куйбышава – рупілася на свінаферме ў в. Горкі. Працавала ў калгасе «Іскра» даяркай, затым – у ААТ «Прыазёрны мір». Не кінула работу і на заслужаным адпачынку.
«Выйшла на льготную пенсію ў пяцьдзясят гадоў, – расказала Галіна Аляксееўна. – Падумала: а чым жа я буду займацца дома, не прывыкла сядзець склаўшы рукі. Вось ужо 26 гадоў на пенсіі, а працую».
Зараз Галіна Забабуха з’яўляецца вартаўніком на ферме Дабея.
Дае водпуск даяркам, падмяняе, калі нехта знаходзіцца на бальнічным. Так выйшла, што мінулагодняе лета аддаіла кароў на ферме Маркава – дабіралася на пашу на веласіпедзе.
Галіна Забабуха – адна з самых сталых работнікаў жывёлагадоўлі не толькі ў ААТ «Прыазёрны мір», але і ў раёне. Яе паважаюць за сумленнасць, руплівасць і мудрасць. Да таго ж, больш як паўстагоддзя Галіна Аляксееўна з’яўляецца падпісчыцай раённай газеты. Вернасць і адданасць – ва ўсім!
Ларыса ЗАЙЦАВА.

