60 призёров районного эпапа предметных олимпиад

Актуалии Образование

Многія спаборнічалі па некалькіх прадметах
Сітуацыя спаборніцтва ў жыцці існуе заўжды і ва ўсім. І пачынаецца гэтая барацьба з дзяцінства. Добра, калі яна прыносіць задавальненне і карысць удзельнікам гэтай барацьбы, грамадству. Дух спаборніцтва – моцны стымул развіцця чалавека. У барацьбе вызначаецца мацнейшы, разумнейшы, лепшы, а ў таго, хто не стаў пераможцам, застаецца стымул дасягнуць вяршыні.
Рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах адкрывае для школьнікаў шырокае поле спаборніцтва ў ведах па чатырнаццаці школьных прадметах. Першы этап алімпіяды праходзіў у школах у кастрычніку. З 1261 вучня, што вучацца ў 5-11 класах, удзел у алімпіядах бралі 984 (78%). 245 вучняў з усіх сярэдніх і базавых школ раёна сталі удзельнікамі другога этапа алімпіяды – раённага, які праходзіў у лістападзе і пачатку снежня.
Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Д. І. Кахтэнка адзначыла складаны ўзровень алімпіядных заданняў, з якімі прыйшлося змагацца школьнікам. І многія з гэтай задачай справіліся – прызёрам раённага этапа было ўручана 60 дыпломаў (на 4 больш, чым у мінулым годзе). Вучаніцы Шумілінскай СШ №1 Байдакова Дзіяна (10 клас) па матэматыцы (настаўнік Лузгіна Н. У.) і Ляснічая Ганна (9 клас) па абслугоўваючай працы (Спірыдонава Н. М.) атрымалі дыпломы першай ступені. Дыпломы другой ступені атрымалі 9 вучняў, а 49 – трэцяй.
Многія вучні спаборнічалі па некалькіх прадметах і па ўсім паказвалі высокія вынікі. Так, гімназісткі Воранава Вераніка (9 клас), Загнетава Алёна (11 клас), Масько Кацярына (11 клас) атрымалі дыпломы другой і трэцяй ступеняў па трох прадметах.
Дзіяна Іванаўна Кахтэнка асабліва адзначыла поспех дзвюх васьмікласніц Слабадской дзіцячы сад-сярэдняй школы, якія змагаліся на раённым этапе па праграме дзявятых класаў – гэта Траццякова Аліна і Васільева Анастасія. Дзяўчаты атрымалі дыпломы трэцяй ступені па абслугоўваючай працы (Кучко І. У.), а Аліна атрымала дыплом трэцяй ступені і па геаграфіі (Траццякоў У. У.).
Што тычыцца ўстаноў адукацыі, то тройку лідараў узначальвае раённая гімназія – 23 дыпломы. У Обальскай СШ 12 дыпломаў, у Шумілінскай СШ №1 10 дыпломаў. Па чатыры дыпломы атрымалі вучні  Шумілінскай СШ №2 і Мікіціхінскай СШ, па тры – Башнёўскай СШ і Слабадской д/с-СШ, адзін дыплом у Кардонскай СШ.
Цяпер прызёры раённага этапа чакаюць запрашэння на вобласць. Хто паедзе, пакуль не вядома, бо склад удзельнікаў абласнога этапа абмежаваны і туды запрашаюцца толькі абсалютныя лідары – тыя, хто набраў  найбольшую колькасць балаў з усёй вобласці. Тым не менш павіншуем прызёраў раённага этапа і іх настаўнікаў з перамогай і пажадаем поспехаў на абласным і рэспубліканскім этапах тым, хто стане лепшым у ведах па школьных прадметах.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №98 ад 11.12.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *