У мінулую суботу, 4 кастрычніка, Чашнікі сталі аграрнай сталіцай, эпіцэнтрам вялікага і маштабнага фестывалю. А чаму б і не, калі асноўныя клопаты – уборка ўраджаю – практычна закончаны, можна са спакойнай душой павесяліцца-адсвяткаваць такую значную нагоду. А заадно сказаць шчыры дзякуй за работу працаўнікам хлебнай нівы, якія сёлета прадэманстравалі ўпарты характар, выключную працавітасць і ўменне ісці насуперак усім нягодам. Свае залатыя рукі прыклалі да агульнага намалоту Віцебшчыны больш за мільён тон зерня і хлебаробы Шумілінскага раёна, за што былі гасцінна запрошаны разам з кіраўніком раёна Сяргеем Галынчыкам на абласное свята і трапілі ў лік узнагароджаных.
Вясёлы разгуляй: ад зерня да каравая
Цэнтр Чашнікаў выглядаў у гэты дзень асабліва святочна. Горад ператварыўся ў ажыўлены вясёлы кірмаш, дзе ўсё навокал гуло-спявала, а водар стаяў такі, што не пачаставацца ці той жа сытнай поліўкай, ці духмянымі дранікамі прама з патэльні было проста немагчыма. Шчодра і песенна вітаў гасцей свята падворак Шумілінскага раёна. Тут вам і прысмакі, і майстар-класы па саломапляценні і шыцці, і забаўляльныя конкурсы, і танцы пад жывы гук ад нашых таленавітых спявачак. Адным словам, душэўна, каларытна і гасцінна – па-шумілінску.

На сваю багатую прэзентацыйную пляцоўку – з забавамі, выставамі і сувенірамі – запрасілі і работнікі ТЦСАН Шумілінскага раёна.
Асобнае месца на свяце занялі дзве важныя сімвалічныя выставы – дажыначныя караваі і снапы раёнаў Віцебшчыны. Сноп Шумілінскага раёна – справа рук нашага вядомага таленавітага майстра Дома рамёстваў Наталлі Сцержанковай. «Я – за традыцыі, натуральнасць, без штучных дабавак. Набойку на льне дапамагла зрабіць калега Вольга Загвоздава, – падзялілася Наталля. – Сноп атрымаўся вытрыманым у класічным стылі. На яго выраб пайшло два тыдні».

І варта зазначыць, што работа шумілінскага майстра не засталася незаўважанай. Сноп Шумілінскага раёна заняў ганаровае 3 месца, дыплом старшыні райвыканкама Сяргею Галынчыку на галоўнай сцэне «Дажынак» уручыла «Міс Беларусь‑2025» Алена Кучарук.

Вытрымалі праверку на трываласць
Аднак самае пачэснае месца было адведзена, канешне, віноўнікам аграфестывалю. Віншаванні ў гэты дзень прымалі перадавікі аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці – камбайнеры, вадзіцелі, работнікі сельгаспрадпрыемстваў, якія прыклалі нямала намаганняў, каб зберагчы і сабраць добры ўраджай.
Віншаванне ад кіраўніка краіны зачытаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка краіны ў Віцебскай вобласці Ігар Сергяенка. «Дарагія землякі, вы сваёй самаадданай працай па праву заслужылі гэтае свята і тыя словы віншаванняў, якія паступілі ў ваш адрас ад кіраўніка нашай дзяржавы. Лёгкага хлеба не бывае, кажуць у народзе, і тут не паспрачаешся. Працаваць на вёсцы ва ўсе часы было няпроста, а ва ўмовах гэтага года, напэўна, архіскладана», – падкрэсліў Ігар Пятровіч. – Такіх умоў падчас уборачнай, якія былі сёлета, не памятаюць старажылы АПК Віцебшчыны, але жорсткую праверку на трываласць аграрыі рэгіёна вытрымалі». Ён перадаў аграрыям букет ад Прэзідэнта Беларусі ў знак павагі да іх працы і заслуг.
Дзякавалі аграрыям паўночнага рэгіёна першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў, Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін у сваім выступленні адзначыў, што ўпершыню з 2022 года, больш спрыяльнага для раслінаводства, вобласць пераадолела на ўборачнай мільённую мяжу і атрымала ўраджайнасць больш за 30 цэнтнераў з гектара. Па аб’ёмах збору масланасення – упершыню з 2020 года пераадолены стотысячны рубеж, ураджайнасць рапсу рэкордная – 18,1 цэнтнера з гектара. Губернатар падзякаваў за дапамогу прадстаўнікам Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей, якія накіравалі на дапамогу аграрыям Віцебшчыны 32 збожжаўборачныя камбайны. На ўборцы ўраджаю традыцыйна дапамагалі гараджане. «Аграрыі Віцебшчыны паказалі сябе цудоўнай камандай, якая не здаецца ні пры якіх абставінах», – з гонарам падкрэсліў Аляксандр Міхайлавіч.
Пераможцы – раёны, гаспадаркі, механізатары – атрымалі дыпломы, ганаровыя граматы, падзякі, грашовыя прэміі. У лідары жніва па збожжы сёлета выйшлі Віцебскі, Аршанскі і Бешанковіцкі раёны, па рапсе – Докшыцкі. Лепшым прадпрыемствам на ўборцы збожжавых традыцыйна стаў СВК «Ларынаўка» Аршанскага раёна, а на ўборцы рапсу – СГП «Мазалавагаз» УП «Віцебскаблгаз» (Віцебскі раён).
Падзякай старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь быў узнагароджаны Сяргей Гоманаў, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ «АграБаравінка». Намеснік дырэктара КУСГП «Ульскі» Валянціна Лабейка была ўшанавана ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі пуцёўкай у санаторый «Летцы».
Ушанаванне лепшых работнікаў сельгасвытворчасці прайшло таксама ў Чашніцкім райвыканкаме. Ганаровай граматай Віцебскага канцэрна «Мяса-малочныя прадукты» і грашовым сертыфікатам была ўзнагароджана аператар машыннага даення СУП «Лаўжанскае» Наталля Міронава.
Ганаровая місія адкрыць святочны канцэрт на галоўнай сцэне абласнога фестывалю-кірмашу ў Чашніках яркім нумарам «За агранома!» была дэлегавана шумілінскаму спеваку Андрэю Крыўцову. Гледачы апладзіравалі!
У вячэрняй праграме «Дажынак» на цэнтральнай плошчы ўсіх чакаў яркі феерверк, лазернае шоу, канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады і дыскатэка.
Сталіцай «Дажынак» у Віцебскай вобласці ў 2026 годзе стануць Міёры.
Алена КАРПУШЭНКА.






