Пьянство на рабочем месте. Проблемы бывают только после зарплаты

Безопасность Общество Экономика

Праблемы бываюць пасля зарплаты
Супрацоўнікі РАУС на мінулым тыдні зрабілі некалькі рэйдаў на прадпрыемствы раёна: правяралі, ці цвярозыя людзі на рабочых месцах, ці на месцы вартаўнікі. У адным з такіх рэйдаў – па сельгаспрадпрыемствах раёна – пабываў і карэспандэнт раённай газеты.
На фермах Сіроціна і Мосарава ніякіх парушэнняў працоўнай дысцыпліны не заўважылі. Хаця намеснік начальніка РАУС  Ю. А. Арлоў адзначыў, што на сельгаспрадпрыемствах такое бывае далёка не заўсёды. Праблем з аховай мехдвароў і ферм дастаткова. Самыя распаўсюджаныя парушэнні – адсутнасць вартаўнікоў на рабочых месцах або іх нецвярозы стан. І гэтыя словы пацвердзіліся, калі наведалі ферму Крывое Сяло, дзе на рабочым месцы засталі п’янага жывёлавода. Ён быў дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе знаходзіўся да суда амаль суткі. Вяскоўцу быў вынесены штраф – 175 тысяч рублёў.
Дарэчы, пасля змяненняў у Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях пакараць несумленнага работніка рублём могуць і супрацоўнікі РАУС. Сёлета імі было складзена больш за трыста такіх адміністрацыйных  пратаколаў.
На малочнатаварнай ферме ў вёсцы Добрына нас сустрэлі жывёлаводы, якія раздавалі кармы цялятам. “Зараз пачнецца вячэрняя дойка, – паведаміла загадчыца фермы. – Сёння ў нас усё ў парадку, жывёла накормленая. Праблемы бываюць толькі пасля зарплаты. Хоць ты грошы не выдавай, інакш рызыкуеш, што каровы могуць быць непадоеныя”.
Завіталі на мехдвор у Мішневічы. Механізатары толькі з’язджаюцца сюды пасля працоўнага дня. Начальнік дзяржаўтаінспекцыі У. А. Кліменка правярае кожнага з іх. Цвярозыя.
У гэты ж вечар наведалі яшчэ мехдвор у “Лаўжанскім”, фермы Цаўі, Мясаедава, Спаскае. Усюды быў парадак, і гэта парадавала.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №79 ад 12.10.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *