В Шумилино прошел областной турнир по волейболу, посвященный памяти тренера Анатолия Завадского

Общество Спорт, туризм

Памяці трэнера Анатоля Завадскага
У суботу-нядзелю ў ДзЮСШ прайшоў першы абласны турнір па валейболе, прысвечаны памяці трэнера А. Я. Завадскага. Урачыстым выдалася адкрыццё спаборніцтваў.  На турнір прыехалі сябры Анатоля Яўгенавіча, яго выхаванцы, калегі з многіх куткоў Прыдзвіння. На мерапрыемстве прысутнічала яго жонка Л. Р. Завадская і двое сыноў, унук.  Гучала шмат добрых слоў пра трэнера, сябра, сем’яніна і проста пра чалавека з вялікай літары.
Удзельнікі турніру наведалі ў гэты дзень і магілу А. Я. Завадскага, усклалі кветкі.
Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў нагадаў прысутным пра поспехі трэнера Завадскага. Анатоль Мікалаевіч падкрэсліў, што Анатоль Яўгенавіч сваімі адносінамі да валейболу заслужыў неаспрэчны аўтарытэт. Старшыня абласной федэрацыі валейболу В. А. Стрыжак адзначыў, што шумілінскіх валейбалістаў дзякуючы рабоце А. Я. Завадскага добра ведаюць не толькі ў вобласці, а і ў рэспубліцы. Віктар Аляксеевіч выказаў цвёрдую упэўненасць, што турнір стане традыцыйным, а ў хуткім часе – рэспубліканскім.
У суботу за перамогу змагаліся дарослыя валейбалісты і старэйшыя выхаванцы ДзЮСШ – гэта тры каманды з Шуміліна (“Спонсары”, “Выпускнікі ДзЮСШ” і каманда ДзЮСШ), два віцебскія калектывы і “Бешанковічы”. Трэба адзначыць, што турнір стаў вельмі важным для ўсіх шумілінскіх  спартсменаў, бо кожны з нашых валейбалістаў у свой час трэніраваўся ў А. Я. Завадскага, і было справай гонару паказаць усё, на што здатны на пляцоўцы.
Добрую гульню паказалі шумілінскія каманды. У фінале сустрэліся каманды “Спонсары” і “Выпускнікі ДзЮСШ”. Калі на баку першых быў   вопыт, то другія – у поўным спартыўным росквіце, можна сказаць, што “Выпускнікі” сабралі мацнейшых на сённяшні дзень шумілінскіх валейбалістаў. Прызавая тройка першага дня спаборніцтваў: першае месца – “Выпускнікі ДзЮСШ” (Канстанцін Мончык, Арцём Масько, Пётр Лазука, Станіслаў Прасветаў, Дзмітрый Суханаў, Андрэй Іваноў, Дзмітрый Бяззубенка і Уладзіслаў Саламаха), другое – “Спонсары”, трэцяе – каманда ДзЮСШ.
У нядзелю валейбольныя баталіі прадоўжылі юныя спартсмены з Шуміліна, Віцебска, Паставаў, Глыбокага і Новаполацка (дзве каманды). Трэнер нашай каманды Аляксей Паршыкаў настройваў сваіх выхаванцаў толькі на перамогу. “Перамагаць мяне вучыў Анатоль Завадскі, – адзначыў трэнер. – І я гэтаму вучу дзяцей”. Шумілінскія валейбалісты не падвялі трэнера, паказаўшы якасны валейбол. Як вынік, упэўненая перамога на турніры. Пераможцамі сталі Антон Сушынскі, Аляксандр Лабачоў, Уладзіслаў Догель, Артур Паграбняк, Данііл Кірпічэнка, Мікіта Сяргееў, Ілья Хамаганаў, Віталь Воранаў, Данііл Сафонаў, Ілья Піульскі і Аляксандр Красікаў. Другое месца ў пастаўскай каманды, трэцяе – у віцебскай.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №71 ад 16.09.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *