Гаспадарыць “Раса” на палетках

Актуалии Экономика

Гаспадарыць “Раса” на палетках

Ураджай азімых залежыць у значнай ступені ад таго, наколькі своечасова паклапаціцца пра іх падкормку азотнымі ўгнаеннямі. І гэту работу на мінулым тыдні адным з першых у раёне распачала сельгаспрадпрыемства “Лаўжанскае”.
Самаходны агрэгат “Раса” добра зарэкамендаваў сабе для гэтай работы. І яго высокая эфектыўнасць праверана і апраўдана часам. “Раса” для хлебаробаў нібыта палачка-выручалачка – яна робіць “надвор’е” па падкормцы азімых, бо заўсёды выязджае на палеткі першай, калі іншая тэхніка не можа нават уз’ехаць на поле.

Механізатар СГУП «Лаўжанскае» Дзмітрый Звераў падкормлівае на сваёй «Расе» за дзень да 100 га азімых.

І ў гэтым мы пераканаліся на свае вочы, калі прыехалі ва ўрочышча Цаўі, дзе працаваў Дзмітрый Звераў. Там дзе ногі правальваліся  ў сырую глебу, пасля “Расы” заставаўся ледзь прыкметны след. “Не, азімыя, якія падкормліваю КАСам,  зусім не шкодзяцца, – патлумачыў Дзмітрый. – Гэта дзякуючы шырокім шынам-абалонкам. Увогуле на “Расе” працаваць любата: хутка і надзейна. Едзеш смела, бо не баішся, што забуксуеш”.
Механізатар падкормлівае азімыя зерневыя, якіх у гаспадарцы засеяна больш за восемсот гектараў, увесь светлавы дзень. За гэты час паспявае падкарміць да ста гектараў, расходуе амаль шаснаццаць тон азотных угнаенняў.
Мы развіталіся з механізатарам. А ён у чарговы раз накіраваў сваю “Расу” на ўскраіну поля пад загрузку. У гэты сонечны красавіцкі дзень яшчэ наперадзе шмат работы.
Дарэчы, КАСам у “Лаўжанскім” падкормліваюць не толькі азімыя, але і сенажаці, і пашы. На дапамогу Дзмітрыю Звераву паспяшаліся выехаць на палеткі ягоныя калегі на РДУ-2 Сяргей Новікаў і Дзмітрый Крэменскі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

Надрукавана ў №30 ад 19.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *