Наступае на пяткі касавіца

Экономика

Андрэй Хадзюкоў і Сяргей Новікаў за рамонтам «Ягуара»

Наступае на пяткі касавіца
Яшчэ дасяваюцца аднагадовыя і кукуруза, а ўжо трэба заканчваць  рамонт кормаўборачнай тэхнікі – наступае на пяткі касавіца.

Усяго ў гаспадарках раёна ёсць 21 кормаўборачны камбайн і 38 трактарных касілак. Напрыканцы мінулага тыдня былі гатовы выехаць у поле 14 адзінак камбайнаў (67% да патрэбнага) і 26 касілак (68%).  У кожным з сельгаспрадпрыемстваў ёсць па 2-3 кормаўборачныя камбайны. Гэтага дастаткова, каб своечасова, за два тыдні, правесці ўборку траў першым укосам (плануецца скасіць 10854 гектары і нарыхтаваць 27900 тон кармавых адзінак), сказаў начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Раман Прасветаў.
З рамонтам камбайнаў да касавіцы поўнасцю справіліся ў ААТ “АграБаравінка”, “Прыдзвінскі”, “Мішневічы”. Заканчваюць работы ў “Прыазёрным міры” і “Лаўжанскім”.
У мінулую пятніцу, калі мы пабывалі на мехдвары ў “Лаўжанскім”, засталі за рамонтам “Ягуара-850” механізатараў Андрэя Хадзюкова і Сяргея Новікава.
“Пашанцавала, што ў нас запчасткі да “Ягуара” засталіся з мінулага года, – расказаў галоўны інжынер гаспадаркі Васіль Селязнёў. – Вось таму і мелі магчымасць пачаць рамонт загадзя. Увогуле на корманарыхтоўцы ў нашай гаспадарцы будуць працаваць два камбайны і тры касілкі. Праўда, на сённяшні дзень на адзін “Ягуар” яшчэ няма механізатара. Але спадзяемся на Віцебскі мясакамбінат, у інтэграцыйную структуру якога ўваходзім. Адтуль нам нядаўна выдзелілі КВК, на якім вядзецца падкос травы для жывёлагадоўчага комплексу. Думаем, у прыпар касавіцы нам дапамогуць і тэхнікай, і людзьмі, бо задача стаіць  сур’ёзная  –  трэба нарыхтаваць  больш за 23 тысячы тон сенажу”.
Не абысціся падчас зялёнага жніва без прэс-падборшчыкаў – з 18 адзінак тэхнікі пакуль што гатовы выехаць ў поле 12. Рамантуюцца таксама трактарныя граблі (з 19 гатовы 12) і прычэпы для перавозкі зялёнай масы (з 45 гатовы 41).
Адначасова з рамонтам тэхнікі вядзецца падрыхтоўка сховішчаў для кармоў. Перш за ўсё маюцца на ўвазе бетанаваныя траншэі – іх ачышчаюць ад смецця і дэзынфіцыруюць. Усяго ў раёне 55 траншэй, падрыхтавана пакуль толькі 30. З гэтай работай спяшаюцца, бо часу засталося мала – да канца гэтага тыдня касавіца стартуе.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №41 ад 29.05.2018 г.

.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *