Да 80-годдзя Вялікай Перамогі рэдакцыя газеты пачынае новы праект «Імем героя», у якім пазнаёміць з подзвігамі герояў вайны, чыімі імёнамі названы вуліцы і школы ў раёне
АЗОЛІНА Ніна Адольфаўна
нарадзілася ў 21 студзеня 1926 года ў вёсцы Зуі. Скончыла 7 класаў Обальскай сярэдняй школы.
У маі 1942 года камсамолка ўступіла ў Обальскую падпольную камсамольскую арганізацыю «Юныя мсціўцы». Па заданні Сіроцінскага падпольнага райкама партыі працавала перапісчыцай у нямецкай камендатуры. Здабывала важныя звесткі для партызан і падпольшчыкаў, распаўсюджвала сярод гітлераўскіх салдат лістоўкі на нямецкай мове.
Удзельнічала ў дыверсійнай дзейнасці. Так, яна паведаміла падпольшчыкам аб прыбыцці на станцыю Обаль з Віцебска зондарфюрэра Карла Бормана, і яны змаглі знішчыць яго, падклаўшы міну ў аўтамабіль. 1 жніўня 1943 года Ніна ўзарвала вадакачку на чыгуначнай станцыі Обаль, якая заставалася адзінай працуючай на перагоне Полацк-Віцебск. Вадакачка была
ператворана ў крэпасць: акружана акопамі, калючым дротам, па вуглах стаялі кулямёты. Ніна змагла пранесці ў сваёй сумачцы міну, замаскіраваную пад кавалак вугалю, і падкінуць яе на кучу вугалю каля кацельні. На наступны дзень выбухам вадакачка была разбурана, а рух цягнікоў спыніўся на два тыдні. У гэтым жа жніўні падпольшчыца разам з баявымі сябрамі ўдзельнічала ў падрыве электрастанцыі і льнозавода.
26 жніўня па даносе здрадніка амаль усе падпольшчыкі, у тым ліку і Ніна Азоліна, былі арыштаваныя. Пасля жорсткіх катаванняў 5 верасня 1943 года Ніна Азоліна была расстраляна ў Баравусе каля Полацка.
Узнагароджана пасмяротна ордэнам Чырвонага Сцяга.
Імем юнай камсамолкі-падпольшчыцы названа вуліца ў гарадскім пасёлку Обаль.
Падрыхтаваў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ

