Супраць бязлітаснага кулака

Бяспека Грамадства Крымінал. Здарэнні

На жаль, аператыўная зводка РАУС стракаціць фактамі сямейных дэбошаў. Але ж сваркі не ўзнікаюць самі па сабе, часцей за ўсё ім папярэднічае ўжыванне спіртных напіткаў. Як расказаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС А. М. Каралёў, за студзень-май у раёне зарэгістравана 186 сямейна-бытавых скандалаў, летась было столькі ж.
Часцей ад сямейных разборак церпяць жанчыны. З рознымі траўмамі, пабоямі яны звярталіся ў бальніцу.Больш за 50% злачынстваў адбываецца ў сем’ях з так званымі грамадзянскімі шлюбамі. Скандалам, як правіла, папярэднічае п’янка. А п’е наш народ многа. Як нам паведаміла вядучы эканаміст райспажыўтаварыства Т. П. Салаўёва, за пяць месяцаў бягучага года магазіны раёна прадалі спіртных напіткаў на 3235,5 мільёна рублёў. Лідзіруюць пладова-ягадныя віны: іх выпіта 295156 літраў, гарэлкі — 68790, піва — 167440 літраў.
Як зменшыць гэтую лічбу? «У раённым аддзеле ўнутраных спраў распрацавана цэлая сістэма прафілактычных і прэвентыўных мер, — расказаў намеснік начальніка РАУС І. А. Шаціла. — Сёлета ў параўнанні з мінулым годам на сямейна-бытавой глебе забойстваў не зарэгістравана. А прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў зменшылася: летась было чатыры такія выпадкі, сёлета — два. Але ж нам ёсць над чым працаваць…»
Галоўнае – прафілактыка. Важна выявіць на ранняй стадыі неблаганадзейныя сем’і. У гэтым накірунку вядзецца работа, і супрацоўнікі РАУС змагаюцца супраць сямейнага бязлітаснага кулака не ў адзіночку. “Сямейныя балячкі” на ранняй стадыі дапамагаюць выявіць сацыяльныя педагогі і настаўнікі школ раёна, фельчары, педыятры. Нярэдка менавіта яны дапамагаюць папярэдзіць страшэнныя трагедыі ў сем’ях.
А калі ўсё ж такая трагедыя здарылася, калі гаспадар сям’і кожны дзень ужывае спіртное, калі яго баяцца родныя? Куды пайсці жанчыне і каму несці свой боль? “Ахвяры сямейнага насілля не павінны адчуваць сябе адзінокімі і заставацца сам-насам са сваёй бядой. Псіхалагічную дапамогу яны могуць атрымаць у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, — гаворыць загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага прабывання інвалідаў В. М. Бабіч. — Мы чакаем усіх тых, каму маральна цяжка, каму патрэбна падтрымка і парада. Ім маральную дапамогу акажа псіхолаг».



1 комментарий по теме “Супраць бязлітаснага кулака

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *